БЕЛ Ł РУС

Сарказі прыехаў у турму адбываць тэрмін. Яго суправаджала жонка Карла Бруні

21.10.2025 / 11:59

Nashaniva.com

Былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі ў аўторак, 21 кастрычніка, прыбыў у парыжскую турму Сантэ, каб пачаць адбываць пяцігадовае пакаранне. Сарказі стаў першым былым прэзідэнтам Францыі, які атрымаў рэальны турэмны тэрмін.

Былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і ягоная жонка Карла Бруні-Сарказі пакідаюць свой дом у Парыжы і накіроўваюцца ў турму. Фота: AP Photo / Thibault Camus

Сарказі быў асуджаны на пяць гадоў зняволення за ўдзел у незаконным фінансаванні яго прэзідэнцкай кампаніі 2007 года лівійскім рэжымам Муамара Кадафі. Следства сцвярджала, што мільёны еўра перапраўляліся ў Парыж у чамаданах. Сам экс-прэзідэнт сваю віну адмаўляў.

У турме Сарказі будзе размешчаны ў адзіночнай камеры, у спецыяльным блоку, які патрабуе павышанай абароны. Аднак ніякіх асаблівых умоў утрымання для яго не прадугледжана. Яму належыць стандартная камера памерам да 12 кв.м, з душам, халадзільнікам і тэлевізарам.

Паведамляецца, што Сарказі, якому 70 гадоў, плануе напісаць кнігу пра сваё знаходжанне за кратамі.

Пры гэтым, згодна з французскімі законамі, з-за свайго ўзросту ён можа адразу пасля пачатку зняволення хадайнічаць аб вызваленні пад нагляд.

Сарказі стаў першым былым прэзідэнтам Францыі, які атрымаў рэальны турэмны тэрмін. Напярэдадні зняволення, 17 кастрычніка, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон прыняў Сарказі у Елісейскім палацы. Міністр юстыцыі Жэральд Дарманэн заявіў, што наведае Сарказі ў турме.

У турму Сарказі суправаджала жонка Карла Бруні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула