Спецназ уварваўся на тэнісныя матчы ў Мінску і затрымаў удзельніц і суддзяў ВІДЭА
На кортах праводзіліся фэйкавыя матчы на патрэбу букмекераў.
Анлайн-гледачы аматарскага тэніснага турніра 1xbet маглі ўбачыць у жывым эфіры феерычную карціну. У залу заходзяць беларускія спецназаўцы, ставяць да сценкі суддзяў і тэнісістак. На гэтым матч сканчваецца.
На тытрах відаць імёны Ганны Сергель і Марыі Савіцкай. Гэта рэальныя беларускія тэнісісткі.
Мы апазналі корты, на якіх адбываліся тэнісныя матчы. Падобна, гэта «АвантэКлуб» каля станцыі метро «Міхалова» ў Мінску і «Топ Спін» на сталічнай вуліцы Малініна.
Што зацікавіла сілавікоў? Хутчэй за ўсё, чарговы фэйкавы турнір, арганізаваны на патрэбу букмекераў. На такія спаборніцтвы прымаюцца стаўкі, але ход гульні прадвызначаны і дапамагае букмекерам стрэсці грошы з гульцоў.
Падрабязна пра гэтую махлярскую схему расказвалася ў расследаванні праекта Bellingcat.