БЕЛ Ł РУС

Адкрыццё пераходаў Польшчы з Беларуссю адкладзена на некалькі тыдняў

30.10.2025 / 11:32

Nashaniva.com

Адкрыццё двух пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі адкладзена на некалькі тыдняў. Пра гэта заявіў у эфіры праграмы «Сігналы дня» польскага радыё міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, паведамляе Reform.news.

На польска-беларускай мяжы. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

«За апошнія два гады ўрад Дональда Туска здолеў моцна ўмацаваць мяжу, і працэс нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы ўзяты пад кантроль. Гэта, па-першае. Па-другое, у нас адкрыты памежныя пераходы з Беларуссю, але ў Люблінскім ваяводстве. Некаторы час таму прэм’ер-міністр зноў казаў аб адкрыцці новых памежных пераходаў, на гэты раз у Падляшскім ваяводстве. І мы, верагодна, зрабілі б гэта значна раней, калі б не той факт, што Літва адначасова свае пераходы з Беларуссю закрывае. Літоўцы — гэта нашы партнёры, мы з імі ў кантакце. Я размаўляў з намеснікам міністра ўнутраных спраў, і падчас учарашняй сустрэчы ў Гданьску, і сёння я буду гаварыць па тэлефоне. Падтрымаем літоўцаў у гэтым рашэнні. Таму адкрыццё пераходаў у Падляшскім ваяводстве адкладваецца на некалькі тыдняў, але рашэнне тут было прынята», — сказаў ён.

Па яго словах, дакладнай даты адкрыцця пераходаў няма.

Нагадаем, у аўторак прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў лістападзе на пробны перыяд будуць адкрыты пераходы «Кузніца» (закрыты з 2021 года) і «Баброўнікі» (закрыты з 2023 года).

Аднак у сераду ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада, пакінуўшы магчымасць перасякаць яе ў пункце пропуску «Меднікі» толькі для некаторых катэгорый асоб. Пры гэтым члены літоўскага ўрада заяўлялі, што разлічваюць на салідарнае рашэнне польскага боку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула