БЕЛ Ł РУС

«Радавод — гэта лінза, каб паглядзець на гісторыю Беларусі». Стваральнік анлайн-курса па генеалогіі расказаў, навошта ўсё гэта

30.10.2025 / 18:7

Nashaniva.com

Анлайн-курс «Радавод» на платформе адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў» — у топе паводле папулярнасці. Як так сталася? Чаму беларусы пацягнуліся да каранёў? Ці можа генеалогія стаць тэрапіяй і метадам прыняцця сябе? «Будзьма» запытала пра гэта ў стваральніка і вядучага курса, журналіста, даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча.

Аўтар курса Ігар Станкевіч трымае ў руках адноўлены сямейны герб

Уласная гісторыя Ігара Станкевіча з пошукам продкаў пачалася ў 1997 годзе. За гэты час ён адкрыў не толькі сямейны герб, але і падоўжыў сямейную гісторыю да часоў ВКЛ. Выявіў дзясяткі рэпрэсаваных сваякоў. Знайшоў родных у іншых краінах. Яго пошук працягваецца дагэтуль.

«Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць»

— Адкуль мода на складанне радаводаў?

— У мяне ёсць толькі гіпотэза. Беларусы доўгі час жылі пад Саветамі, мэтай якіх было разарваць сувязь пакаленняў, зрабіць з людзей манкуртаў. Усе гэтыя гісторыі пра Паўліка Марозава… Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць. Таму ў нашых суайчыннікаў ёсць «голад» на гэтую тэму. Гэта аб’ектыўны запыт быць сабой, мець гонар.

— Як Вам бачыцца сэнс курса?

— Практычная задача — знайсці інфармацыю праз фота, дакументы, расповеды сваякоў. Як гэта рабіць? Усё тлумачу. А сэнс у тым, каб «уваскрасіць» людзей, якіх няма побач. Праз гэта пачаць цікавіцца гісторыяй краіны. Бо гісторыя складаецца з асобных лёсаў, праўда ж?

Гэта таксама і пра сацыяльныя сувязі: пакуль мы шукаем, то камунікуем з бацькамі, дзядулямі, бабулямі. Гэта дапамагае намацаць грунт пад нагамі. Адчуць сябе ўпэўнена.

Таксама дазваляе па-іншаму зірнуць на сённяшнія абставіны. Здаецца, усё дрэнна, але глядзім на досвед прабабуль і прадзядуляў — не так ужо і блага. І яны здолелі прайсці ўсе выпрабаванні.

Напрыклад, мой тата — звычайны хлопец з вёскі. Ён атрымаў некалькі вышэйшых адукацый, займаў пасады. Толькі дарослым я зразумеў, наколькі гэта было няпроста. Чалавек імкнуўся і перамагаў.

А калі глядзіш на перамогі продкаў, па-іншаму ацэньваеш і сваё жыццё: чаго дамогся ты? Гэта змяняе светапогляд.

«Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу…»

— Ствараючы курс, Вы арыентаваліся на нейкі прыклад?

— Выключна на свой 30‑гадовы досвед пошуку. Размовы з роднымі, хаджэнні па архівах. У мяне быў нават такі мемары-трып па могілках і месцах, дзе стаялі вёскі, у якіх жылі сваякі. Цяпер ёсць моцны інструмент — інтэрнэт. Ён шмат у чым спрашчае задачы, але і тут трэба ўмець карыстацца.

Ігар Станкевіч каля магілы аднаго з родзічаў

— Ці рэальна аднавіць генеалогію, напрыклад, за 8 заняткаў?

— Відавочна, што гэта — першы крок на дарозе ў тысячу крокаў. Чым глыбей капаеш, тым больш знаходзіш. Бясконцая праца. Нагадвае дэтэктыў, бо працуеш як следчы: шукаеш людзей, іх фота, а ўрэшце — матывацыі: чаму яны зрабілі так, а не інакш?

Курс не зробіць за вас радавод «пад ключ». Але дасць уяўленне пра магчымасці ды матывацыю, навошта яно трэба.

— Кажуць, беларусам куды цяжэй са складаннем радаводаў, чым палякам ці немцам. Сямейныя архівы не захоўваліся. А нешта ішло «ў печку» адмыслова, каб праблем не было…

— У маіх родзічаў была гісторыя: палілі здымкі, гербы, бо гэта магло скончыцца ГУЛАГам. Дакументы — гатовы кампрамат. У дадатак няма культуры сямейнай памяці. Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу. Разам з тым, калі ісці па сваяках, можна знайсці неверагодныя рэчы. Кажу цётцы: «Даставайце лісты, будзем глядзець…» А там — перапіска 1950-х, праз якую знайшоў сваякоў у Польшчы!

Ігар Станкевіч разам са сваякамі, знойдзенымі ў Польшчы

Пасля ўжо і мяне пачалі знаходзіць па маіх тэкстах. Неяк напісаў незнаёмы чалавек у фэйсбуку: знайшоў на сметніцы (!) архіў фота, хацеў прадаць. З іх самае старое — 1918 года. Некаторыя здымкі такія ж, як у маім сямейным архіве. Некаторыя новыя. Сапраўдны цуд!

Цудам знойдзены архіў, які мог аказацца на сметніцы…

«Адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны»

— Ці не нагадвае ўсё гэта псіхатэрапію? Пошук і прыняцце знойдзенага…

— У псіхалогіі ёсць панятак «трансгенерацыйная траўма». Нешта такое, што даўным-даўно перажылі вашы продкі, але яно далей транслюецца ў сям’і. Напрыклад, дзед сышоў і кінуў бабулю — і яно ідзе па жаночай лініі. Жанчыны з сям’і не могуць пабудаваць нармальныя стасункі.

Ці вось я меў нейкі страх перад дзяржавай. Невытлумачальны. Прыйдуць і ўсё забяруць. Адкуль гэта?.. Пачаў паглыбляцца, а ў мяне агулам 30 сваякоў рэпрэсаваныя, 12 расстраляныя. Арыштаваныя, выселеныя з хутароў, пазбаўленыя правоў… Яно ўплывае.

Фрагмент пратакола допыту Антона Каменскага — брата прабабулі аўтара курсу «Радавод»

Калі ўсё гэта збіраеш па кавалачках, то атрымліваецца тэрапія. Паводле тэрапеўтаў, адзін з варыянтаў лячэння — апісваць. Таму я працягваю займацца тэмай Кабылякаў — урочышча пад Оршай, дзе чэкісты расстрэльвалі людзей у сталінскія часы. Збіраю прозвішчы ахвяраў, а цяпер — і катаў. Так я працую з траўмай.

— А што, калі ў выніку пошукаў усплываюць «не такія» продкі, як хацелася б? Не акадэмікі і скульптары, але арганізатары калгасаў ці каты з НКУС?

— І гэта таксама — тэрапія. Прыняцце сябе праз тое, што твае продкі розныя. І маглі ў жыцці рабіць рознае. Так было ў знаёмага: адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны. Як быць? А ўсё гэта наша гісторыя. Не бывае людзей, якія не памыляюцца ў жыцці. Не бывае радаводаў, дзе ўсё чорнае або ўсё белае. Тут пытанне, ці ты ганарышся тым, што твой сваяк кагосьці расстрэльваў?

Так, часам можа быць сорамна за кагосьці з родзічаў. Але кожны адказвае за сябе. Гэта таксама пра прыняцце выбару тваіх продкаў. Урэшце, калі нам сорамна, значыць, мы самі маем маральныя арыенціры. І ў крытычнай сітуацыі, магчыма, будзем рабіць не самы відавочны выбар.

Чытайце таксама:

Як стварыць радавод ці справіцца са стрэсам? Пачынаецца набор на бясплатныя анлайн-курсы

«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»

Як скласці радавод сваёй сям’і? Пакрокавая інструкцыя

Амерыканцы ці расейцы — каго выбраць пры аналізе ДНК?

Што дасць тэст ДНК звычайнаму беларусу?

Каментары да артыкула