БЕЛ Ł РУС

Вялікі нумар у гатэлі каля акіяна ў элітным раёне Рыа-дэ-Жанэйра. Як жыве Карпушонак, якая не дае пра сябе забыць

2.11.2025 / 16:56

Эдвард Руткевіч

Вольга Карпушонак запісала новае відэа, каб паказаць, што яна не ў Беларусі. Мы вызначылі, дзе цяпер жыве былая дэлегатка Каардынацыйнай рады.

Раён Бара-да-Тыжука лічыцца адным з самых заможных і бяспечных у Рыа-дэ-Жанэйра. Фота: Wikimedia Commons

Два месяцы таму, у пачатку верасня, калі пасля абвінавачанняў у адрас Паўла Латушкі Вольга Карпушонак некалькі дзён не выходзіла на сувязь, па яе відэа ў тэлеграме ўдалося высветліць, што яна знаходзіцца на знакамітым пляжы Капакабана ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Цяпер у кадры — акіян, але з іншага ракурсу: від з балкона шматпавярховага будынка. Візуальных падказак было няшмат, аднак пазнаць месца дапамаглі характэрны ўзор пліткі на тратуары і сеткавыя карабы для кандыцыянераў на фасадзе будынка.

Як высветлілася, Карпушонак спынілася ў апарт-гатэлі на ўзбярэжжы ў раёне Бара-да-Тыжука. Гэта адзін з самых сучасных і заможных раёнаў Рыа-дэ-Жанэйра. Ён вядомы самым доўгім пляжам у горадзе (каля 18 км), мадэрнісцкай архітэктурай, вялікімі жылымі комплексамі і высокім узроўнем бяспекі. Тут размяшчаюцца гандлёвыя цэнтры, універсітэты, офісы, а таксама асноўныя аб’екты Алімпіяды 2016 года. Атмасфера Бары спалучае камфорт заможнага прыгарада з курортным ладам жыцця — гэта своеасаблівы «бразільскі Маямі».

Краявід на акіян і лагуну, які адкрываецца з нумара Вольгі Карпушонак. Фота: Google

Апарт-гатэль, у якім спынілася Карпушонак, стаіць на першай лініі акіянічнага ўзбярэжжа. Фота: Booking

Сам апарт-гатэль (яго назву мы свядома не называем) узведзены ў 2000 годзе. Апарт-гатэлі адрозніваюцца ад звычайных тым, што прапануюць нумары, прыдатныя для доўгатэрміновага пражывання, бо яны абсталяваныя ўсім неабходным — фактычна гэта невялікія кватэры з усімі выгодамі. 

У гэтым гатэлі нумары маюць кухню з плітой, духоўкай і халадзільнікам, а таксама пральную машыну ў ванным пакоі.

Планіроўка нумароў у апарт-гатэлі, у якім спынілася Вольга Карпушонак. Фота: 123i.com.br

Нумар плошчай каля 50—60 м² каштуе ў сярэднім 190—200 даляраў за ноч. Ён складаецца з гасцінай каля 20 м², да якой прымыкае невялікая кухня-ніша, спальні плошчай каля 15 м² і ваннага пакоя з душам. З гасцінай і спальні праз вялікія рассоўныя вокны можна выйсці на прасторны балкон, з якога адкрываецца краявід на Атлантычны акіян, пляж і лагуну Марапенды з гарамі на гарызонце.

Прыклад гасцінай у нумарах апарт-гатэля. Фота: Google

Прыклад кухні-нішы ў нумарах апарт-гатэля. Фота: Google

Прыклад спальняў у нумарах апарт-гатэля

Балкон з відам на акіян у нумары апарт-гатэля. Фота: Google

Для гасцей прадугледжаны бясплатная прыватная паркоўка, саўна і адкрыты басейн з відам на мора. Да пляжу — літаральна некалькі дзясяткаў метраў: трэба толькі перайсці авеню Лусіу Коста, якое цягнецца ўздоўж усяго ўзбярэжжа.

Адкрыты басейн у апарт-гатэлі з відам на акіян. Фота: Google

Па водгуках у Google, гатэль мае ацэнку 4,6 зоркі. Госці хваляць яго размяшчэнне, краявіды і камфорт, але сустракаюцца і крытычныя водгукі: будынку патрэбны рамонт, бо ён выглядае занядбаным, акрамя абноўленай зоны рэсэпшна. Скардзяцца таксама на павольныя ліфты, працечкі ў гульнявой зоне і «імправізаваны душ» у басейне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула