У Дагестане разбіўся прыватны верталёт, загінулі чатыры чалавекі
7 лістапада ў раёне населенага пункта Ачы-Су ў расійскім Дагестане адбылася авіякатастрофа. Упаў прыватны верталёт Ка-226, які належаў акцыянернаму таварыству «Кізлярскі электрамеханічны завод».
Фота: МНС Расіі
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Дагестана, у выніку крушэння загінулі чатыры чалавекі, яшчэ трое атрымалі цяжкія траўмы, адзін з іх знаходзіцца ў крытычным стане.
Папярэдне вядома, што на борце знаходзіліся супрацоўнікі завода, у тым ліку сын кіраўніка прадпрыемства. Падчас падзення верталёт урэзаўся ў прыватны дом у паселішчы Ачы-Су, пасля чаго ўзнік пажар. У доме, праўда, нікога не было, бо ў ім увогуле ніхто не жыў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай катастрофы стала тэхнічная няспраўнасць верталёта.
Чытайце таксама:
У Турцыі забіты ўладальнік тэлеграм-канала «Утро Дагестан»
У Судане паўстанцы збілі самалёт з беларускім вайсковым лётчыкам. Вось што пра яго вядома