У Расіі пачалі адключаць мабільны інтэрнэт. Кажуць, што гэта будзе да заканчэння вайны
Першымі пра бестэрміновае адключэнне мабільнага інтэрнэту заявілі ўлады Ульянаўскай вобласці. Паводле іх слоў, гэта рашэнне прынята федэральнымі ўладамі і з часам будзе распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны краіны, піша «Агентство».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Ura.ru
Як паведамілі на прэс-канферэнцыі з удзелам рэгіянальнага міністра лічбавага развіцця Алега Ягфарава, інтэрнэт адключаюць паблізу аб’ектаў спецыяльнага прызначэння, у тым ліку каля жылых кварталаў, сацыяльных устаноў і офісных будынкаў. Дакладныя месцы не называюцца, бо гэта лічыцца дзяржаўнай таямніцай.
Срокі аднаўлення сувязі не вызначаныя — калі не будзе іншага рашэння федэральнага цэнтра, абмежаванні могуць дзейнічаць да заканчэння «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (такім эўфемізмам расійскія ўлады і прапагандысты называюць развязаную Расіяй вайну супраць Украіны). У некаторых раёнах вобласці мабільнага інтэрнэту няма ўжо больш за тыдзень.
Эксперты з праекта «На связи» адзначаюць, што падобныя выпадкі ўжо адбываюцца і ў іншых рэгіёнах, хоць афіцыйна пра гэта не паведамляецца. Яны мяркуюць, што пастаянныя частковыя адключэнні інтэрнэту могуць стаць звычайнай практыкай па ўсёй Расіі.
Тым часам у краіне рыхтуюць змены ў закон аб сувязі, якія дазволяць ФСБ патрабаваць ад аператараў адключэння інтэрнэту. Такім чынам, расійскія ўлады атрымліваюць юрыдычную аснову для ўжо наяўных абмежаванняў і магчымасць поўнага кантролю за доступам грамадзян да сетак сувязі.