БЕЛ Ł РУС

Расія страчвае кантроль над Усходняй Еўропай — але размова не пра Беларусь

1.12.2025 / 15:55

Антось Жупран

Пакуль Балгарыя і Сербія асцярожна балансуюць паміж Масквой і Захадам, экспарт расійскай нафты імкліва скарачаецца. Санкцыі не толькі б'юць па бюджэце вайны, але і выцясняюць Расію з яе традыцыйнай сферы ўплыву — Усходняй Еўропы.

Запраўка сербскай кампаніі Naftna Industrija Srbije (NIS), якой валодаюць «Газпрам нафта» і «Газпрам». Фота: nis.rs

Нягледзячы на тое, што Дональд Трамп прапануе Крамлю здзелку па спыненні вайны ва Украіне, яго апошні крок выглядае як жорсткі эканамічны прэсінг. Санкцыі супраць нафтавых гігантаў «Раснафта» і «Лукойл», падтрыманыя ЗША, выцягваюць мільярды даляраў з ваеннай машыны Крамля і прымушаюць Маскву шукаць спосабы пазбегнуць фінансавага крызісу.

Аднак, як піша The Telegraph, удар прыйшоўся не толькі па Расіі. Жорсткія меры пагражаюць выцесніць Крэмль з яго традыцыйнай зоны ўплыву — Усходняй Еўропы.

Страта актываў на Балканах

Балгарыя і Сербія, дзве краіны былога сацлагера з глыбокімі гістарычнымі сувязямі з Масквой, цяпер вымушаны пазбаўляцца ад расійскіх нафтавых кампаній, якія доўгі час знаходзіліся ў цэнтры іх эканомік.

Сітуацыя абвастрылася пасля 22 кастрычніка, калі ЗША далучыліся да ЕС і Вялікабрытаніі ў накладанні санкцый на «Раснафту» і «Лукойл».

У Балгарыі «Лукойл» валодае найбуйнейшым нафтаперапрацоўчым заводам (НПЗ) і сеткай з больш чым 200 аўтазаправак. Каб пазбегнуць эканамічнага шоку ад санкцый, балгарскі ўрад пайшоў на радыкальны крок: узяў кампанію пад кантроль і прызначыў спецыяльнага кіраўніка. Цяпер у кампаніі ёсць паўгода на тое, каб знайсці пакупніка, не звязанага з Расіяй.

Руслан Стэфанаў, галоўны эканаміст сафійскага Цэнтра вывучэння дэмакратыі, называе «Лукойл» жамчужынай расійскага ўплыву ў Балгарыі. Па яго словах, нават калі ва Украіне настане мір, доўгатэрміновая палітыка Расіі накіраваная супраць Еўропы. Таму разрыў сувязяў з'яўляецца стратэгіяй уладаў Балгарыі.

Гэта радыкальны паварот для краіны. Нягледзячы на спробы прарасійскага прэзідэнта Румена Радзева заблакаваць канфіскацыю актываў, парламент пераадолеў яго вета.

Сербія традыцыйна лавіравала паміж Масквой і Бруселем. Але цяпер прэзідэнт Аляксандр Вучыч рыхтуецца ўзяць пад кантроль Naftna Industrija Srbije (NIS) — ключавы сербскі нафтаперапрацоўчы завод, якім валодаюць «Газпром нафта» і «Газпром». НПЗ фактычна знаходзіцца ў рэжыме прастою, бо ніхто не можа легальна пастаўляць нафту падсанкцыйнаму прадпрыемству.

Вучыч усё яшчэ спрабуе захаваць твар, абяцаючы «расійскім сябрам» справядлівую цану пры нацыяналізацыі, але рэальнасць відавочная: Расія губляе ключавы рычаг уплыву. Па словах аналітыкаў, наступствам стане непазбежны дрэйф Сербіі ў бок Захаду.

Эканамічны ўдар

Страта энергетычнага ўплыву ў Балгарыі і Сербіі б’е па адным з галоўных прынцыпаў пуцінскай палітыкі: ідэі пра «гістарычную сферу інтарэсаў» Расіі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Санкцыі адчувальныя і на асноўным рынку для Расіі — у Азіі. Паводле звестак аналітычнай кампаніі Kpler, экспарт расійскай нафты ў Кітай з кастрычніка знізіўся на 500 000 барэляў у суткі — да самага нізкага ўзроўню з пачатку вайны. Пастаўкі ў Індыю і Турцыю таксама абрынуліся.

Асабліва моцна пацярпеў «Лукойл»: у верасні кампанія прадавала 569 000 барэляў у суткі, а да лістапада гэтая лічба ўпала на 89% — да мізэрных 64 000 барэляў.

Новыя санкцыі каштуюць Пуціну ад 2,5 да 5 мільярдаў даляраў штомесяц недаатрыманых даходаў. Гэта прыкладна траціна ўсёй экспартнай выручкі Расіі. Больш за тое, расійская нафта зноў прадаецца са значным дысконтам у параўнанні з сусветнымі цэнамі.

Спробы абыходу

Эксперты, аднак, папярэджваюць: Расія не здасца без бою. Крэмль ужо пачаў выкарыстоўваць «ценевы флот» і сетку невядомых кампаній-пасрэднікаў, каб абысці санкцыі.

Паводле звестак Kpler, аб'ём нафты, які прадаецца «невядомымі» юрыдычнымі асобамі, у лістападзе патроіўся і дасягнуў рэкорднага мільёна барэляў у суткі. Расія актыўна выкарыстоўвае тактыку Ірана: змяняе дакументы на грузы проста ў моры і праводзіць перагрузку нафты ў нестандартных месцах.

Аналітыкі прагназуюць, што Расіі спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб наладзіць новыя ланцужкі паставак і аднавіць аб'ёмы экспарту, але вярнуць ранейшыя высокія цэны на сваю сыравіну ёй наўрад ці ўдасца.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз падрыхтаваў новы пакет санкцый супраць Беларусі

ЗША патрабуюць поўнага выхаду Расіі з сербскай нафтавай кампаніі NIS

Большасць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў адмовілася ад новых закупак расійскай нафты

Каментары да артыкула