БЕЛ Ł РУС

Круты расказаў, калі ў неба ўзляціць першы беларускі самалёт

1.12.2025 / 17:7

Nashaniva.com

Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты заявіў, што ўлады настроеныя стварыць у краіне вытворчасць цывільных самалётаў. Пры гэтым ён прызнаў, што па стане на цяперашні момант у Беларусі фактычна няма ўласнай авіябудаўнічай базы.

Дзмітрый Круты. Фота: Wikimedia Commons

Таму зроблена стаўка на кааперацыю з расійскімі вытворцамі, якія самі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры рэалізацыі планаў па стварэнні і запуску вытворчасці расійскіх пасажырскіх самалётаў.

Па словах Крутога, цяпер наладжаныя кантакты з асноўнымі авіяцыйнымі заводамі Расіі, што робяць беларускія прадпрыемствы ў Баранавічах, Мінску і Оршы.

Чыноўнік адзначыў, што ў Беларусі цяпер будуюцца некалькі вытворчых карпусоў — ад фарбавальных цэхаў да плошчаў для выпуску складаных, у тым ліку даўгамерных дэталяў для самалётаў. Гэта робіцца ў межах сумеснай праграмы імпартазамяшчэння з Расіяй, але пакуль гэта разавыя заказы.

Па словах Крутога, улады хочуць стварыць у Беларусі ўласную школу авіябудавання і прыкладна ў 2029—2030 гадах пачаць выпуск самалётаў.

«Вяршыняй нашага «авіяцыйнага плана» стане стварэнне паўнавартаснага цывільнага самалёта ў Беларусі дзесьці да 2029—2030 года. Пакуль тэрміны такія», — сказаў ён.

Раней Баранавіцкі авіяцыйны рамонтны завод паказаў праект самалёта, які плануецца выпускаць разам з Уральскім заводам цывільнай авіяцыі. Праўда, пакуль невядома, меў на ўвазе Круты менавіта гэтую мадэль ці цалкам беларускі самалёт.

Яшчэ ў 2023 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка абвяшчаў пра сумесны з Расіяй праект серыйнай вытворчасці двухматорнага лёгкага самалёта. Тады ён казаў, што першы такі борт павінен узляцець да 2028 года.

Чытайце таксама:

«Поўны фарш, а цана як у пустой Tesla». Чым (не) задаволеныя ўладальнікі кітайскіх электрамабіляў

Лукашэнка загадаў чыноўнікам перад прыходам да яго здаваць мабільнікі

Лукашэнка загадаў чыноўнікам праводзіць нарады на выходных і пасля працы

Каментары да артыкула