Дызель-цягнікі з Ліды ў апошні момант перадумалі адмяняць
Нядаўна паведамлялі, што Беларуская чыгунка з 14 снежня 2025 года вырашыла адмяніць дызель-цягнікі Ліда — Беняконі. Але ў выніку іх удалося абараніць, піша Blizko.by.
Здымак ілюстрацыйны
У лістападзе СМІ паведамлялі:
«Спыняецца курсіраванне цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа злучэннем Ліда — Беняконі — Ліда з замяшчэннем перавозкі пасажыраў аўтамабільным транспартам рэгулярных зносін».
Гэта значыць, што лінія даўжынёй 43 кіламетры са станцыямі Гуды, Бастуны, Воранава, Беняконі мела застацца без апошніх дызель-цягнікоў. Гэта выклікала незадавальненне мясцовых жыхароў.
Цяпер жа раённая «Воранаўская газета» піша:
«Урадам Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб захаванні курсіравання цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа злучэннем «Беняконі — Ліда — Беняконі» ў 2025‑2026 гадах».
У сувязі з гэтым раней прызначаныя ўзамен аўтобусныя рэйсы адмяняюцца.
У сістэме продажу квіткоў БЧ расклад пакуль дваякі: напісана і «дні курсіравання: штодня па 13 снежня», і «дні курсіравання: штодня з 14 снежня». Час руху цалкам супадае.