У вёску на Гродзеншчыне больш не ходзіць дызель. Рэакцыя чыноўнікаў дабіла жыхароў
«Якія 159 аўтобусаў, хоць бы хлусілі больш сціпла!»

З 14 снежня адмянілі дызель-поезд Беняконі — Ліда — Беняконі, якім ездзілі жыхары вялікай вёскі Бастуны ў Воранаўскім раёне. У вёсцы цяпер жыве больш за 450 чалавек. Людзі сталі перажываць, што не змогуць нармальна дабірацца да суседніх гарадоў.
Дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Гродна» паспяшыла пераканаць, што праблемы не будзе. Так, дызель адмянілі, але з вёскі ў Воранава і Ліду ходзяць аўтобусы — за тыдзень выконваецца 159 рэйсаў.
«З 14 снежня прадугледжана арганізацыя перавозкі пасажыраў дадатковым рэгулярным аўтобусным маршрутам «Беняконі — Ліда» з заездам у вёску Бастуны», — расказала намесніца старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Наталля Прылепская.
Новы аўтобус, кажуць на ТБ, будзе курсіраваць штодня па раскладзе, створаным з улікам пажаданняў мясцовых жыхароў.
Але ў каментарах да сюжэту людзі не стрымліваюць свайго абурэння. Бо на аўтобус і цана большая, і расклад не пад кожную працу падыходзіць.
«Пры чым тут аўтобусы? На дызелі ўсе ездзяць, таму што гэта танней, чым на аўтобусе… А раніцай як людзі будуць дабірацца на працу ў Ліду? Першы аўтобус у нас адыходзіць у 8:10…».
«Муж кожны дзень дабіраецца ў Ліду на працу і назад, што рабіць цяпер, не ведаем, асабістага транспарту ў нас няма. Аўтобус будзе каштаваць у 3 разы даражэй за дызель, і не факт, што ім будзе зручна ездзіць».
«І будзем ездзіць у аўтобусе адно ў аднаго на каленях, мы ўжо так ездзім».
«Якія 159 аўтобусаў, хоць бы хлусілі больш сціпла! Нават маршрутка, якая ідзе адзіная праз Бастуны, і тая не бярэ людзей».
«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»
Каментары