БЕЛ Ł РУС

Польская пракуратура расследуе смерць Мікіты Мелказёрава

22.12.2025 / 20:36

Nashaniva.com

Як стала вядома «Белсату», польская пракуратура пачала расследаванне смерці журналіста Мікіты Мелказёрава паводле артыкула аб ненаўмысным забойстве. Такі артыкул выкарыстоўваюць заўсёды, калі прычыну смерці яшчэ не выявілі.

Мікіта Мелказёраў. Фота: «Еўрарадыё»

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоній Скіба паведаміў «Белсату», што сёння пачалося расследаванне справы аб ненаўмысным забойстве:

«Гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая. Будзе праведзенае анатамаванне — мы не ведаем, калі дакладна, магчыма, гэта будзе яшчэ да Калядаў. Не выключаю, што паспеюць да Новага года».

Чыноўнік адзначыў, што праваахоўныя органы будуць абнародаваць толькі тыя звесткі ў гэтай справе, якія адпавядаюць інтарэсам сям'і нябожчыка:

«Цела ў цяперашні момант застаецца ва Установе судовай медыцыны Варшаўскага медычнага ўніверсітэта, і гэты аб’ект будзе выконваць ускрыццё. З увагі на зацікаўленасць медыяў мы будзем імкнуцца абнародаваць звесткі, якія не супярэчаць інтарэсам сям'і загінулага. Далейшыя працэсуальныя дзеянні залежаць ад вынікаў судова-медыцынскай экспертызы. Усё залежыць ад таго, што стане вядома пасля ўскрыцця».

Звычайна анатамаванне праводзіцца цягам двух тыдняў.

«Магчыма, вынікі з’явяцца раней. Мы ўжо тэлефанавалі ў судмедэкспертызу з просьбай, каб зрабілі ўсё як мага хутчэй», — сказаў Скіба.

Ён таксама паведаміў, што пакуль у сувязі са смерцю была апытаная толькі ўдава Мікіты і што галоўная версія следства цяпер — негвалтоўная смерць:

«На гэтым этапе мы бярэм пад увагу, што смерць магла адбыцца з натуральных прычын, але ўсё гэта праверым шляхам паслядоўнага збору доказавага матэрыялу».

Чытайце таксама:

Мікіту Мелказёрава пакажуць у навагоднім канцэрце «Белсата»

У свой апошні дзень Мікіта Мелказёраў паспеў запісаць яшчэ адно інтэрв'ю

«Нячасты прыклад таго, як прыйсці да беларушчыны ў дарослым веку». Беларусы згадваюць Мікіту Мелказёрава

Чым запомніўся Мікіта Мелказёраў — самы папулярны беларускі інтэрв'юер

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Каментары да артыкула