У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі
У Рэчыцы інспектары Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі аштрафавалі пяць чалавек за тое, што пры чыстцы снегу яны дапусцілі парушэнне.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Як паведамляе ДАІ, жыхары Рэчыцы прыбіралі снег каля сваіх прыватных дамоў і ў дварах, пры гэтым кідалі яго на праезную частку. Інспектары назвалі такое дзеянне небяспечным і спаслаліся на артыкул 22.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Паводле першай часткі гэтага артыкула, загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў і іншых зямель агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі ці іншымі прадметамі караецца штрафам да пяці базавых велічынь (225 рублёў).
Другая частка артыкула прадугледжвае штраф да 25 базавых велічынь (1125 рублёў) за невыкананне абавязкаў па ўборцы і ўтрыманні ўчасткаў, у тым ліку прылеглых да ўласных зямельных участкаў.
Такім чынам, беларусам варта памятаць: снег трэба прыбіраць, каб не трапіць пад другую частку артыкула, але рабіць гэта правільна, каб не парушаць першую частку.
З 2025 года аўтамабілісты таксама абавязаныя прыбіраць снег з месцаў для стаянкі ў радыусе метра вакол сваіх машын. Кідаць снег на праезную частку забаронена — лепш выкарыстоўваць газоны або іншыя неканфліктныя зоны.
Чытайце таксама:
Калі ваша машына будзе перашкаджаць снегаўборачнай тэхніцы, вас аштрафуюць
Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках
Маразы да —20 і моцныя снегапады. Якім будзе надвор'е на наступным тыдні