БЕЛ Ł РУС

Цудаў не будзе для тых, хто спадзяваўся схуднець без дыеты. Папулярнае інтэрвальнае галаданне не дзейнічае без дэфіцыту калорый

7.01.2026 / 19:52

Nashaniva.com

Інтэрвальнае галаданне стала сапраўдным хітом апошніх гадоў: многія лічаць, што калі есці толькі ў пэўны час, напрыклад, з 8‑й раніцы да 4‑й дня, то лішняя вага сыдзе сама сабой, а здароўе палепшыцца. Аднак новае сур'ёзнае даследаванне паказвае, што гэта не дзейнічае.

Пра гэта піша тэлеграм-канал Сybulinka са спасылкай на публікацыю ў аўтарытэтным часопісе Science Translational Medicine.

Навукоўцы з Нямецкага інстытута харчавання чалавека і клінікі Charité прыйшлі да высновы: абмежаванне часу прыёму ежы само па сабе не нясе аніякай карысці для метабалізму і сэрца, калі вы не змяншаеце агульную колькасць калорый.

Як праводзілі эксперымент

Раней лічылася, што папулярная схема «8/16» (калі чалавек есць цягам 8 гадзін, а 16 гадзін галадае) зніжае рызыку атлусцення, паляпшае адчувальнасць да інсуліну і нармалізуе цукар.

Але праблема ранейшых назіранняў была ў тым, што навукоўцы не маглі зразумець: паляпшэнні адбываюцца праз «магію» часу ці проста таму, што за 8 гадзін чалавек паспявае з'есці менш, чым за ўвесь дзень?

Каб паставіць кропку ў гэтым пытанні, даследчыкі адабралі 31 жанчыну з лішняй вагой або атлусценнем. Эксперымент быў строгім:

Галоўная ўмова: жанчыны атрымлівалі абсалютна аднолькавыя каларыйнасцю і складам стравы. Гэта дазволіла выключыць фактар пераядання ці недаядання.

Вынікі расчароўваюць

Аналіз паказаў, што ні ранні, ні позні рэжым харчавання не прывёў да клінічна значных змен. Адчувальнасць да інсуліну, узровень ліпідаў у крыві і маркеры запалення засталіся такімі ж, як і былі.

Аўтары даследавання канстатуюць: карысць, якую прыпісвалі інтэрвальнаму галаданню раней, хутчэй за ўсё, была вынікам банальнага скарачэння калорый. Людзі проста менш елі, бо мелі на гэта менш часу.

Але ёсць адзін нюанс

Адзінае істотнае адрозненне, якое заўважылі навукоўцы, тычыцца біялагічных рытмаў. Графік харчавання сапраўды ўплывае на «ўнутраны гадзіннік». Пры познім рэжыме прыёму ежы цыркадныя рытмы ў жанчын ссоўваліся ў сярэднім на 40 хвілін, што прыводзіла да больш позняга засынання і цяжэйшага абуджэння.

Такім чынам, галоўны сакрэт пахудання і метабалічнага здароўя застаецца нязменным і сумным: ключавое значэнне мае не тое, калі вы ясце, а тое, колькі вы ясце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула