БЕЛ Ł РУС

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

14.01.2026 / 11:48

Лаўрын Кулеш

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар, які абараняў галоўнага абвінавачанага ў тэракце ў мінскім метро Дзмітрыя Канавалава, у новым выпуску ТОКу згадаў, як праходзіў працэс па гэтай справе, і патлумачыў, чаму да сёння многія сумняваюцца ў высновах следства.

«Усім цікава было разабрацца»

Абаронцам Канавалава Дзмітрый стаў выпадкова, бо ў той дзень аказаўся дзяжурным адвакатам.

Юрыст прызнаецца, што пакуль ішло следства, ён адчуваў сябе ў горадзе спакойна. Аднак калі справа дайшла да адкрытага суда, яму стала не па сабе:

«Не мог на той момант прадбачыць, як будуць паводзіць сябе пацярпелыя, таму што Канавалаў пад вартай, а я ж па горадзе хаджу. Гэта адна з праблем прафесіі, калі нейкія думкі ці дзеянні твайго падабароннага аўтаматычна пераносяць на цябе, таму што ты абараняеш яго».

Каля станцыі метро «Кастрычніцкая». 11 сакавіка 2011 года. Фота: «Наша Ніва»

Абаронца ўспамінае, што ў пачатку працэсу нават баяўся карыстацца грамадскім транспартам і ездзіў на пасяджэнні на таксі.

«Але потым я зразумеў па рэакцыі пацярпелых, публікі, якая прысутнічала і маніторыла працэс, і прэсы ў зале, што ўсім цікава разабрацца», — падкрэслівае Лепрэтар.

Наяўнасць канспіралагічных тэорый вакол гэтай справы адвакат тлумачыць жахлівай камунікацыяй улады з народам:

«Была выбрана вельмі няўдалая стратэгія тлумачэння таго, што адбылося, як яно адбылося, як яно развівалася. Гэта проста камунікацыйны правал з боку дзяржавы. Гэты хуткі суд, гэта хуткае папярэдняе расследаванне… Людзям было важна самім разабрацца».

У залі суда. Фота: «Наша Ніва»

Парушэнні стандартаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва

Паводле меркавання Лепрэтара, празмерная паспешлівасць працэсу і выканання прыгавору з’яўляецца парушэннем стандартаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Ён звяртае ўвагу на тое, што справа налічвала 550 тамоў, якія трэба было вывучыць:

«Немагчыма ў такі кароткі тэрмін разгледзець матэрыялы крымінальнай справы, якія складаюць 500 тамоў. Зразумела, што там працэнтаў 70 смецця, таму што крымінальная справа складалася з некалькіх эпізодаў, і ўсе пастановы аб затрыманні, пратаколы ператрусаў тых людзей, якіх затрымлівалі пасля 2008 года, яны ўсе былі ў гэтых тамах. Каласальная колькасць непатрэбнай інфармацыі. Але ў любым выпадку, калі гэта выстаўляецца дзяржаўным абвінавачваннем у якасці доказу, гэта павінна быць даследавана».

Яшчэ адным сумнеўным аспектам працэсу юрыст называе замоўчванне часткі інфармацыі падчас пасяджэнняў:

«Былі моманты некаторых купюр, я бачыў, як [суддзя Аляксандр] Федарцоў рабіў купюры нейкіх рэчаў. Былі пацярпелыя, якія заўважалі ўсё гэта. (…)

Канавалаў адмовіўся даваць паказанні ў судзе, і таму агучвалі ўсе яго паказанні, дадзеныя на папярэднім расследаванні. І там пярэчылі пацярпелыя наконт таго, што не да канца прачытаны пратакол, выкінуты абзац і гэтак далей. Так, гэта было. І гэта якраз дадавала дроў у топку недаверу да таго, што адбываецца».

Таксама адвакат крытыкуе абыходжанне з абвінавачанымі ў зале суда:

«Гэтая сцэна, гэтыя клеткі, гэты завод абвінавачаных у позе «зю»… Гэта ўсё парушэнне стандарта права на справядлівае судовае разбіральніцтва — калі вам паказваюць першапачаткова, што гэтыя людзі вінаватыя».

Падчас судовага працэсу. Злева стаіць Дзмітрый Канавалаў, справа — Уладзіслаў Кавалёў.

А які матыў?

Недавер выклікала і афіцыйная фармулёўка матыву злачынства — «дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Дзмітрый Лепрэтар пацвярджае, што Канавалаў сапраўды часта паўтараў менавіта гэтую фразу. Аднак, паводле слоў юрыста, аднойчы абвінавачаны падрабязней расказаў пра свае прычыны, але гэта не было агучана публічна:

«Вось якраз адна з купюр Федарцова. Была купюра аднаго з допытаў, таму што, відаць, не захацелі пра гэта казаць публічна ўголас».

Гэты допыт праходзіў, калі Канавалаў знаходзіўся ў «Навінках» на стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызе.

«І ён там загаварыў пра матыў. Гэта быў сапраўды матыў, вось як ён казаў — «дэстабілізацыя грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Але ён больш шырока патлумачыў, што мае на ўвазе пад гэтым матывам».

На просьбу прыадкрыць заслону над тым, як Канавалаў тлумачыў свой учынак, Лепрэтар адказаў так:

«Калі грамадзянскую супольнасць пачынаюць заганяць усё глыбей і глыбей, недзе спеюць вось такія людзі, якім гэта ўсё абрыдла. Яны там недзе ў любым выпадку ходзяць — і потым вось такое здараецца».

Аляксандр Лукашэнка на месцы трагедыі. Скрын відэа

Чытайце таксама:

Справа тэракта: застаўся доўгі шлейф

Храналогія трагедыі — ад тэракта да выканання прысуду

Працэс КіК: адвакат заявіў пра людзей, якія «дапамагалі асобе з сумкай рухацца»

«Чаму ўзнікла такое жаданне?» — «Для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь»

Каментары да артыкула