БЕЛ Ł РУС

НАСА пазапланава вяртае на Зямлю чатырох астранаўтаў

9.01.2026 / 18:19

Ідаля Салавей

Агенцтва абвясціла «кантраляваную эвакуацыю» экіпажы з чатырох чалавек. Што стала прычынай раптоўнага рашэння?

Удзельнікі місіі Crew-11 (злева направа): Алег Платонаў, Майкл Фінке, Зена Кардман і Кімія Юі. Фота: NASA

Як паведамляе The New York Times, упершыню за чвэрць стагоддзя працы Міжнароднай касмічнай станцыі экіпаж вымушаны пакінуць арбіту датэрмінова па медыцынскіх паказаннях.

Рашэнне аб вяртанні чатырох удзельнікаў місіі Crew-11 прыняў 8 студзеня кіраўнік НАСА Джарэд Айзекман. Агенцтва захоўвае канфідэнцыяльнасць і не называе ні імя астранаўта, ні канкрэтны дыягназ, аднак падкрэслівае, што стан пацыента ацэньваецца як «абсалютна стабільны».

Галоўны доктар НАСА Джэймс Полк растлумачыў сітуацыю так: пакідаць чалавека на арбіце з нявызначаным дыягназам ва ўмовах абмежаваных медыцынскіх рэсурсаў — занадта вялікая рызыка. Таму кіраўніцтва вырашыла праявіць асцярожнасць і вярнуць экіпаж на Зямлю ў рамках «кантраляванай медыцынскай эвакуацыі». Прадстаўнікі НАСА адзначаюць, што гэта не экстраная сітуацыя, а ўзважаная мера засцярогі.

У бліжэйшыя дні карабель SpaceX Crew Dragon адстыкуецца ад МКС і накіруецца да Зямлі для прываднення ў Ціхім акіяне паблізу Сан-Дыега. Дамоў вернуцца астранаўты НАСА Зена Кардман і Майкл Фінк, астранаўт Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA) Кімія Юі і касманаўт «Раскосмаса» Алег Платонаў. Іх місія пачалася ў жніўні і павінна была завяршыцца толькі ў наступным месяцы, пасля прыбыцця змены.

Паведамляецца, што Фінк і Кардман у чацвер, 8 студзеня, павінны былі здзейсніць шасцігадзінны выхад у адкрыты космас для мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння станцыі. Аднак ён быў адкладзены. Па словах доктара Полка, медыцынская праблема не мае ніякага дачынення да выхаду ў адкрыты космас або працы самой станцыі.

Паводле звестак НАСА, для Майкла Фінка гэта ўжо чацвёрты палёт на касмічную станцыю, а для Кіміі Юі — другі. Кардман і Платонаў адправіліся ў космас упершыню

У рамках місіі некаторыя члены экіпажа ўдзельнічаюць у даследаваннях, прысвечаных ацэнцы ўплыву падарожжаў у далёкі космас на здароўе чалавека. Гэтая праца ўключае вывучэнне таго, як арганізм засвойвае вітаміны групы В у космасе і як адбываецца пераразмеркаванне вадкасцей у арганізме ва ўмовах пастаяннай бязважкасці.

Пасля адлёту Crew-11 на станцыі застануцца трое касманаўтаў, якія прыбылі туды на караблі «Саюз» у лістападзе. Ім давядзецца скараціць аб'ём навуковых даследаванняў, каб забяспечваць працу станцыі меншым складам.

Зараз НАСА і SpaceX разглядаюць магчымасць пераносу запуску наступнай місіі, Crew-12, на больш ранні тэрмін. Пры гэтым кіраўніцтва запэўнівае, што сітуацыя, якая склалася, ніяк не паўплывае на графік місіі Artemis II — палёту вакол Месяца, запланаванага на наступны месяц.

Чытайце таксама:

Навукоўцы НАСА выявілі звышстойкія бактэрыі, якія абышлі стэрылізацыю і могуць выжыць пры палёце на Марс

Упершыню за больш як паўстагоддзя людзі зноў паляцяць да Месяца

Амерыканскія астранаўты думалі злётаць у космас на восем дзён, а завіслі, напэўна, на восем месяцаў

Каментары да артыкула