БЕЛ Ł РУС

42‑гадовы французскі акцёр хоча эўтаназіі пасля няўдалай аперацыі

10.01.2026 / 12:30

Ідаля Салавей

У ліпені 2023 года мужчына перанёс здавалася б нескладаную аперацыю па выдаленні пахвіннай грыжы. Але пасля жыццё ператварылася ў кашмар. 

Арно Дэні. Фота: arnaud.denis.792 / facebook

Як паведамляе Le Monde, 42-гадовы акцёр і рэжысёр Арно Дэні пакутуе ад невыносных боляў з ліпеня 2023 года, калі яму выдалілі пахвінную грыжу.

Гэта даволі распаўсюджаная паталогія, пры якой частка кішэчніка выходзіць праз аслабленае месца ў брушной сценцы, утвараючы выпукласць у раёне пахвіны. Каб умацаваць тканкі і знізіць рызыку рэцыдыву, хірургі ў большасці выпадкаў усталёўваюць сінтэтычную сетку-імплант — пратэз, які фіксуецца ўнутры цела.

Такі метад даўно стаў сусветным стандартам. Французскае таварыства хірургіі тлумачыць, што галоўная перавага імплантаў — меншая верагоднасць рэцыдыву. Паводле французскага нацыянальнага агенцтва бяспекі лекаў і медыцынскіх вырабаў, штогод у Францыі ставяць каля 200 тысяч падобных імплантаў.

Для большасці пацыентаў гэта сапраўды руцінная аперацыя, але ў некаторых людзей могуць узнікаць сур’ёзныя ўскладненні. Найчасцей гаворка ідзе пра хранічныя болі, якія здольныя моцна пагоршыць якасць жыцця, перашкодзіць працы і штодзённым справам. Паводле розных даследаванняў, такое здараецца ў 0,5—6% выпадкаў. У Арно Дэні гэты працэнт стаў асабістай катастрофай.

Усяго праз дзесяць дзён пасля аперацыі яго стан пачаў рэзка пагаршацца. З’явіліся моцныя болі, млоснасць, трэмар, парушэнні стрававання. Пазней дадаліся праблемы гарманальнага, мышачнага і неўралагічнага характару. За тры месяцы ён страціў 17 кілаграмаў.

Арно пачаў хадзіць па дактарах, але доўгі час не мог дамагчыся адказу, што з ім адбываецца. Медыкі не звязвалі яго сімптомы з аперацыяй і імплантам, а некаторыя нават сцвярджалі, што праблема «псіхалагічная».

Толькі праз год адзін з хірургаў выказаў здагадку, што арганізм можа дрэнна пераносіць матэрыял імпланта, і прапанаваў сетку выдаліць. Не давяраючы айчынным спецыялістам, акцёр паляцеў у ЗША, дзе заплаціў 40 тысяч еўра за аперацыю. Аднак стан яго пасля гэтага не палепшыўся, а працягваў пагаршацца і акцёр неаднаразова трапляў у бальніцы і праходзіў лячэнне.

Нягледзячы на гэта, Дэні не адразу прыйшоў у поўны адчай. Наадварот, ён паспрабаваў зрабіць сваю гісторыю публічнай і стаць голасам іншых пацыентаў. У Facebook ён стварыў групу «Французскія ахвяры грыжавых імплантаў», дзе сотні людзей дзеляцца падобнымі праблемамі. Разам яны плануюць падаць калектыўны пазоў.

Дзякуючы іх актыўнасці ў сакавіку 2025 года французскае агенцтва бяспекі лекаў і медыцынскіх вырабаў узмацніла кантроль за такімі імплантамі, а ў чэрвені правяло сустрэчу з лекарамі і пацыентамі.

Да хваробы Арно Дэні быў паспяховым тэатральным рэжысёрам. На працягу 15 гадоў кіраваў уласнай трупай, паставіў шэраг спектакляў, якія былі адзначаны крытыкамі. У 2025 годзе яго пастаноўка п'есы «Небяспечныя сувязі» П'ера Шадэрло дэ Лакло трымала чатыры намінацыі на прэмію Мальера.

У інтэрв'ю журналістам 42‑гадовы мужчына сказаў: «Я не магу выходзіць з дому. У мяне няма сацыяльнага жыцця. Я страціў усё, што робіць чалавека годным. І становіцца ўсё горш і горш. (…) Дактарам няма чаго мне прапанаваць».

Арно заявіў, што прыняў рашэнне звярнуцца па «дапамогу ў сыходзе» ў Бельгію, дзе такая працэдура легальная. Папярэдняя сустрэча запланавана на канец студзеня.

Чытайце таксама:

Былы прэм'ер Нідэрландаў і ягоная жонка пайшлі з жыцця ў адзін дзень. Яны пагадзіліся на эўтаназію

Яшчэ адна краіна вырашыла легалізаваць эўтаназію

Дзіцячая эўтаназія — што паказвае досвед Бельгіі ў гэтай сферы і чаму гэта важна

Каментары да артыкула