БЕЛ Ł РУС

На Балі забаранілі пазашлюбны сэкс. За парушэнне — турэмныя тэрміны

15.01.2026 / 18:06

Nashaniva.com

З 2 студзеня ў Інданезіі пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс, які быў прыняты яшчэ ў 2022 годзе і замяніў нормы каланіяльных часоў. Адна з галоўных зменаў — прызнанне злачынствам сэксуальных адносін па-за афіцыйным шлюбам, а таксама сумеснага пражывання без рэгістрацыі шлюбу.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Крымінальная адказнасць за палавыя адносіны па-за шлюбам у Інданезіі прынамсі тэарэтычна распаўсюджваецца не толькі на грамадзян краіны, але і на іншаземцаў, у тым ліку тых, якія адпачываюць на папулярным курортным востраве Балі. Ніякага асаблівага статуса для яго ў законе не прадугледжана.

Што да пакарання, то за такія дзеянні абвінавачаным можа пагражаць да аднаго года пазбаўлення волі, а за сужыццё — да шасці месяцаў. Аднак справа можа быць распачатая толькі па заяве мужа ці жонкі, бацькоў або дзяцей аднаго з удзельнікаў, і гэта правіла таксама дзейнічае ў дачыненні да замежных турыстаў.

Акрамя таго, новы кодэкс прадугледжвае пакаранне за блюзнерства, абразы прэзідэнта і дзяржаўных інстытутаў, а таксама за распаўсюджванне ідэалогій, што супярэчаць дзяржаўнай дактрыне. Праваабаронцы крытыкуюць дакумент за невыразныя фармулёўкі і пагрозу грамадзянскім свабодам, у той час як улады заяўляюць, што закон адпавядае сучасным культурным і прававым нормам Інданезіі.

Інданезія — пераважна мусульманская краіна, іслам у ёй вызнаюць, паводле ацэнак, амаль 90% з прыблізна 270‑мільённага насельніцтва. Яна лічыцца найбуйнейшай мусульманскай краінай у свеце.

Чытайце таксама:

У сталіцы Інданезіі афіцыйна забароняць продаж і ўжыванне сабачага і кашэчага мяса

«Чытала, што вашы хлопцы — супермены». Беларус паляцеў у Інданезію і там пазнаёміўся з жонкай

20‑гадовай украінцы пагражае смяротнае пакаранне на Балі. Шукаюць яе і на радзіме

Як паехаць у экзатычнае падарожжа і не захварэць?

Каментары да артыкула