Які дрэс-код на афіцыйных прыёмах? Стылістка пракаментавала вобразы беларусаў на прыёме ў прэзідэнта Польшчы
Калядны прыём у прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага ў варшаўскім палацы Бельведэр апынуўся сёлета ў цэнтры ўвагі. А які правілы дрэс-кода для такіх афіцыйных мерапрыемстваў? Разабраліся ў іх і папрасілі стылістку Ганну Прышывалка пракаментаваць лукі гасцей.
Калядны прыём у прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Існуе некалькі відаў дрэс-кодаў, якія, акурат, адрозніваюцца ўзроўнем фармальнасці.
- White Tie (белы гальштук) — самы строгі дрэс-код, які прадугледжвае фрак, белы мятлік і лакаваны абутак для мужчын і вечаровыя максі-сукенкі, пальчаткі і ўпрыгожанні для жанчын.
- Black Tie (чорны гальштук) — звычайна актуальны для ўрачыстых імпрэз, прыёмаў і прэм’ер. Тут вітаюцца смокінгі, чорныя мятлікі і вечаровыя ці кактэйльныя сукенкі.
- Business Formal — патрабуецца для афіцыйных перамоваў, сустрэч. Тут ужо ў ход ідуць класічныя касцюмы ў нейтральных колерах і мінімум аксэсуараў.
- Business Casual — менш строгі, офісны стыль, у якім жакет можна насіць без гальштука. Кашуля, нагавіцы ці спадніцы — іх у такім выпадку дастаткова.
На сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы як такога дрэс-кода не было, але ў запрашэнні ўдакладнялася, што вітаюцца нацыянальныя касцюмы ці іх элементы. Менавіта таму на мерапрыемстве можна было пабачыць людзей як у вечаровых сукенках, так і ў джынсах са швэдрамі. Але прадстаўнікі палітычнага беларускага кола па традыцыі былі ў строгіх касцюмах.
У якасці нацыянальных дэталяў у некаторых гасцей былі хусткі з арнаментам, вышыванкі.
Юрыст і былы палітвязень Максім Знак быў у вышыванцы. Фота: LookByMedia
Блогер Максім Паршута паклаў у нагрудную кішэню пінжаку хутску з арнаментам. Фота: LookByMedia
Блогер Глеб Сямёнаў абраў пінжак з валошкамі, а Сцяпан Пуціла — мятлік і хустку з арнаментам. Фота: канал «Этот Прус»
«Палітыкі, дэпутаты, прэзідэнты, першыя лэдзі, дыпламаты — для гэтых людзей разуменне дрэс-кодаў — частка прафесіі. Яны апрыёры мусяць ведаць правілы», — каментуе Ганна Прышывалка. «А вось для прадстаўнікоў сферы культуры, журналістаў, блогераў і іншых дапушчальна не разбірацца ў тонкасцях, дастаткова разумення «адэкватнасці» адзення месцу. Сярод запрошаных у прэзідэнцкі палац Бельведэр такіх гасцей было нямала, таму мы і бачылі разнастайнасць вобразаў. Хаця, вядома, калі б у запрашэнні прапісалі правілы і патрабаванні да знешняга выгляду, магло б быць інакш. «Магло б», бо на прыёме ў тым ліку завіталі палітвязні, і я думаю, што аператыўнае набыццё вечаровых сукенак і дарагіх касцюмаў пасля турмы для іх дакладна не ў прыярытэце».
Стылістка адзначае, што хоць сучасны свет змяніўся, і ў нечым патрабаванні да знешняга выгляду зрабіліся больш дэмакратычнымі (напрыклад, для жанчын стала дапушчальным быць у больш тонкіх калготках, чым у мінулым), усё роўна дрэс-код — гэта актуальная гісторыя.
«Пры дапамозе дрэс-кода людзі дадаткова падкрэсліваюць узровень, важнасць і тэматыку той ці іншай імпрэзы. І, канечне, калі б беларусы завіталі да прэзідэнта Польшчы з занадта яркім і мудрагелістым макіяжам, з глыбокім дэкальтэ і ў міні-спадніцах, то гэта б паказала іх непавагу, бескультур’е. У такіх выпадках важна проста адчуваць «адэкватнасць» адзення падзеі — гэтага можа быць дастаткова, неабавязкова разбірацца ва ўсіх тонкасцях дрэс-кода», — дадае стылістка.
Асобна суразмоўца надала ўвагу двум супрацьлеглым вобразам — нацыянальнай лідаркі Святланы Ціханоўскай і прадстаўніцы ABBA Марыны Гірын.
«Марына Гірын для мяне з'яўляецца прыкладам добрага густу, пачуцця стылю і дарэчнасці, разумення таго, што пасуе асабіста ёй. У яе атрымалася вытрымаць баланс паміж дзелавой стрыманасцю і ўбранасцю. Тонка, з велізарным густам, і, галоўнае, вельмі прагрэсіўна, спалучаюцца розныя колеры. У дадзеным выпадку яе вобраз цалкам адпавядаў узроўню і тэматыцы імпрэзы, пары года, а таксама статусу самой Марыны».
Марына Гірын — у туфлях і з сумачкай у колеры фуксія. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай.
Што тычыцца Святланы Ціханоўскай, тут стылістка адзначыла, што яна якраз магла дазволіць сабе больш смелыя рашэнні.
Святлана Ціханоўская выступае на калядным прыёме ў прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Да прадстаўнікоў нашай палітычнай апазіцыі ніколі нельга прычапіцца наконт таго, што тычыцца парушэнняў афіцыйнага, дзелавога дрэс-кода. Можна толькі сказаць, што часам іх выбар занадта стрыманы і кансерватыўны (асабліва на кантрасце з іншымі заходнімі палітыкамі). Я магу дапусціць, што гэта робіцца спецыяльна. Усе мы памятаем, колькі шуму было, калі Святлана Ціханоўская з’явілася ў відэа з дарагім кубкам. Яе асэнсаваны выбар — сціпласць, каб злыя языкі не хацелі паабмяркоўваць, што там колькі каштавала, дастаўшы калькулятар».