Пабіўшы рэкорд, цэны на кватэры ў Мінску пачалі прасядаць. Колькі цяпер у сярэднім просяць за метр?
Пры канцы 2025 года цана на квадрат у Мінску пераваліла адзнаку $2000, тым самым пабіўшы рэкорд 2007 года. Але ўжо ў першы месяц 2026‑га назіраецца спад.
Фота: LookByMedia
Паводле статыстыкі Realt.by, пікавыя цэны назіраліся 28 снежня 2025 года, калі сярэдні кошт метра ў сталіцы па прапановах вырас да 2083 даляраў.
Пасля ўсталявання рэкорду, цэны пачалі ісці ўніз і ўжо з 11 студзеня апусціліся ніжэй за 2 тысячы даляраў.
Скрыншот: realt.by
Па стане на 25 студзеня сярэдні кошт метра ў Мінску па прапановах складае 1960 даляраў, што амаль на 6% менш, чым было месяцам раней.
У сваю чаргу 2025 год не толькі пабіў рэкорд 2007-га, але і стаў рэкордным па росце цэн у даляравым вымярэнні. Цана прапановы квадратнага метра ў Мінску за мінулы год вырасла на 47%: з $1416 да $2084.
Пры гэтым варта разумець, што важным фактарам такога росту стала ўмацаванне беларускага рубля да даляра.
Самыя нізкія цэны за апошнюю пяцігодку былі зафіксаваныя напрыканцы лістапада 2022 года. Тады за «квадрат» у сталіцы ў сярэднім прасілі па $1153.
Што да далейшага росту цэн, то ён у 2026 годзе малаверагодны. Апроч таго, што цэны на нерухомасць і без таго сталі высокімі, статыстыка продажаў у снежні 2025 года істотна прасела (за апошнюю пяцігодку менш здзелак у снежні было толькі ў кавідным 2020-м).
За снежань было 1315 здзелак па Мінску, што на 15% менш, чым у снежні 2024-га. У бягучым месяцы продажы таксама пакуль больш кволыя, чым былі ў студзені 2025 года.