Медыйны прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі пайшоў у псіхолагі-сэксолагі
Былы прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі падзяліўся ў сацыяльных сетках сваім новым месцам працы: цяпер мужчына будзе дапамагаць людзям як псіхолаг-сэксолаг.
Віталь Дамбоўскі. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку
Прыватную практыку ў галіне сэксалогіі ён распачаў са студзеня гэтага года, таму водгукаў і ацэнак яго дзейнасці як спецыяліста яшчэ няма.
Знаёмыя былога ратавальніка жартуюць, што Віталь, відаць, мае багаты прафесійны досвед, бо сам дагэтуль не жанаты.
Віталь Дамбоўскі прыйшоў у МНС у 2001 годзе. Пачынаў з пасады звычайнага ратавальніка, даслужыўся да намесніка начальніка пажарнай аварыйна-ратавальнай часткі. Потым працаваў на пасадзе прэс-сакратара Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС — быў досыць медыйным і адкрытым для СМІ прэс-сакратаром, чаму спрыяў скончаны факультэт журналістыкі.
Віталь Дамбоўскі падчас працы ў МНС. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку
Пасля звальнення з МНС і да пагружэння ў псіхалогію Дамбоўскі працаваў у кампаніі, якая займалася сістэмамі водазабеспячэння і каналізацыямі «Вэдцяплосэрвіс», быў афіцыйным прадстаўніком Беларускага Чырвонага крыжа, менеджарам у рэкламна-паліграфічнай кампаніі WeCreate, намеснікам кіраўніка аддзела развіцця ў анлайн-медыя Smartpress.by. Апошнім часам кіраваў аптовай гандлёвай кампаніяй «БелГандальТэст».
Прафесійныя назіранні Віталя. Скрыншот: сторыз у фэйсбуку
Якую адукацыю мужчына атрымаў, каб весці прыватную практыку па сэксалогіі, Віталь пакуль не раскрывае, але запэўнівае, што адпаведную.
У вольны час мужчына вандруе, ганяе на матацыкле і наведвае трэнажорку. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку