БЕЛ Ł РУС

На беларускіх аўтамагістралях паставяць чырвона-зялёную лазерную сістэму апавяшчэння

5.02.2026 / 20:23

Nashaniva.com

У 2026 годзе на беларускіх аўтамагістралях М1 і М4 плануюць укараніць лазерную сістэму светлавога папярэджання з зялёнымі і чырвонымі сігналамі. Пра гэта паведаміў начальнік УУС Мінскага аблвыканкама Андрэй Любімаў, падводзячы вынікі работы за 2025 год, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

Паводле слоў Андрэй Любімава, летась на Міншчыне была складаная сітуацыя з дарожна-транспартнымі здарэннямі: адбылося 741 ДТЗ, у якім загінулі 115 чалавек, яшчэ 823 атрымалі траўмы рознай цяжкасці. Зафіксавана больш за 319 тысяч парушэнняў правілаў дарожнага руху, значную частку з якіх учынілі пешаходы і раварысты, у тым ліку ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама было выяўлена больш за дзве тысячы нецвярозых кіроўцаў, па віне якіх адбыліся дзясяткі аварый з чалавечымі ахвярамі.

Для зніжэння аварыйнасці ў 2026 годзе плануецца працяг прафілактычнай і тлумачальнай работы, узмацненне кантролю, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнікаў. Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці зацвердзіла некалькі падпраграм, накіраваных на павышэнне бяспекі руху. Яны прадугледжваюць рэалізацыю сотняў інжынерных рашэнняў: устаноўку дарожных агароджаў, абсталяванне пешаходных пераходаў асвятленнем, будаўніцтва кальцавых развязак і новых святлафораў у небяспечных месцах.

Акрамя таго, па ініцыятыве ДАІ на трасах М1 (Брэст — Мінск — мяжа Расіі) і М4 (Мінск — Магілёў) з’явіцца лазерная сістэма апавяшчэння, якая будзе прыцягваць увагу кіроўцаў і папярэджваць аварыйныя сітуацыі, у тым ліку звязаныя са стомленасцю і сном за рулём.

Чытайце таксама:

У Брэсце пад коламі грузавіка загінула пенсіянерка. Кіроўца з’ехаў з месца ДТЗ

У Барысаўскім раёне адбылася аварыя з удзелам рэйсавага аўтобуса

У Лідскім раёне экіпаж ДАІ пад’ехаў да машыны, што моцна захрасла ў сумёце, і раскрыў адразу некалькі злачынстваў

Каментары да артыкула