БЕЛ Ł РУС

У Пакістане здзейснілі тэракт у мячэці, загінулі больш за 30 чалавек

6.02.2026 / 18:30

Nashaniva.com

У выніку тэракта ў шыіцкай мячэці на ўскраіне Ісламабада, сталіцы Пакістана, загінулі не менш за 31 чалавек, яшчэ як мінімум 169 атрымалі раненні. Выбух адбыўся падчас пятнічнай малітвы, калі тэрарыст-смяротнік прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне, паведамляе Euronews.

Фота: AP Photo / M.A Sheikh

Па словах міністра абароны Пакістана Хаджы Асіфа, ахова мячэці спрабавала затрымаць падазраванага, аднак ён адкрыў агонь, а затым падарваў сябе. Чыноўнік таксама заявіў, што нападнік часта ездзіў паміж Пакістанам і Афганістанам.

Колькасць ахвяр можа павялічыцца, бо частка пацярпелых знаходзіцца ў крытычным стане. На відэакадрах бачна, як паліцыя і мясцовыя жыхары дастаўляюць параненых у найбліжэйшыя бальніцы.

Пакуль ніводная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за напад. Аднак сярод магчымых вінаватых называюць пакістанскіх талібаў і мясцовае аддзяленне групоўкі «Ісламская дзяржава», якія ўжо раней здзяйснялі напады на шыіцкіх вернікаў, што з’яўляюцца меншасцю ў краіне.

Апошнім часам у Пакістане назіраецца рост экстрэмісцкага гвалту, які ў асноўным звязваюць з белуджскімі сепаратыстамі і рухам «Тэхрык-е-Талібан Пакістан». Акрамя таго, ў краіне актыўна дзейнічае рэгіянальная структура «Ісламскай дзяржавы». Хоць у Ісламабадзе падобныя напады здараюцца радзей, гучныя тэракты ўжо мелі месца і раней.

Прэзідэнт Пакістана Асіф Алі Зардары і прэм’ер-міністр Шахбаз Шарыф асудзілі напад, назваўшы яго злачынствам супраць чалавечнасці, і выказалі спачуванні сем’ям загінулых. Яны даручылі забяспечыць усю неабходную медыцынскую дапамогу параненым і правесці поўнае расследаванне.

Шыіцкі лідар Раджа Насір таксама асудзіў напад, заявіўшы, што такі тэракт у сталіцы сведчыць пра сур’ёзныя праблемы ў сістэме бяспекі. Ён заклікаў грамадзян здаваць кроў, бо ў бальніцах Ісламабада востра не хапае донарскіх запасаў.

Найбуйнейшы тэракт у Ісламабадзе да гэтага адбыўся ў 2008 годзе, калі выбух у гатэлі Marriott забраў жыцці 63 чалавек. У лістападзе 2025 года тэрарыст-смяротнік падарваўся каля будынка суда, у выніку чаго загінулі 12 чалавек.

Чытайце таксама:

Трапічныя цыклоны загубілі ў Паўднёва-Усходняй Азіі больш за 1200 чалавек

У Баранавічы завязуць работнікаў з Пакістана

У Паўднёвай Азіі могуць успыхнуць войны за рэкі

Суд у Бангладэш прысудзіў да смяротнага пакарання экс-прэм'ера Хасіну за разгон пратэстаў. Яе судзілі завочна

Каментары да артыкула