На мінскай мытні канфіскавалі баявую шаблю
Мінскія мытнікі знайшлі і канфіскавалі баявую шаблю, якая незаконна ўвозілася ў Беларусь. Яна была схаваная сярод партыі тэкстылю і аўтазапчастак. Экспертыза пацвердзіла, што клінок сапраўды з’яўляецца халоднай зброяй, паведамляе прэс-служба Мытных органаў Беларусі.
Казахстанскі перавозчык не пазначыў шаблю ў дэкларацыі на змяшаную партыю груза, якая ўключала тэкстыль, аўтазапчасткі і электрапрыборы. Каб высветліць, ці патрэбна для ўвозу спецыяльная ліцэнзія, шаблю адправілі на экспертызу.
У мытнай лабараторыі пацвердзілі, што клінок зроблены заводскім спосабам і адносіцца да сякуча-рэжучай і колюча-рэжучай халоднай зброі.
Мінская абласная мытня пачала адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, а шаблю канфіскавалі да рашэння суда.