У Гомелі сагналі цэлую аўдыторыю замежных студэнтаў для публічнага судзілішча
У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны правялі публічны разгляд пытання аб прымусовай высылцы двух замежных студэнтаў. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі і супрацоўнікі міліцыі, а ў якасці гледачоў сабралі цэлую аўдыторыю студэнтаў.
За мэту сустрэчы, як было заяўлена, ставіўся паказ замежным студэнтам, якія наступствы могуць мець парушэнні заканадаўства і міграцыйных правіл.
Першы студэнт, трэцякурснік і грамадзянін адной з краін Цэнтральнай Азіі, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў ДАІ. Было прынята рашэнне выслаць яго з Беларусі і забараніць уезд у краіну на адзін год. У выпадку парушэння гэтай забароны яму пагражае крымінальная адказнасць.
Другі студэнт, таксама грамадзянін той жа краіны і першакурснік, сістэматычна прапускаў заняткі і меў нездавальняючыя адзнакі, праз гэта быў адлічаны. Пасля адлічэння ён павінен быў пакінуць Беларусь у вызначаны тэрмін, аднак гэтага не зрабіў, таму яго знаходжанне ў краіне стала незаконным. Яму забаранілі ўезд у Беларусь на чатыры гады.
Пасля публічнага судзілішча абодвух студэнтаў вывелі з аўдыторыі ў кайданках.
Чытайце таксама:
У Гродне студэнтаў-замежнікаў адлічылі і выслалі з краіны за парушэнні ПДР
Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны