Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю
«Мы краіна, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы ўзброенага канфлікту, і мы ведаем, якое стаўленне агрэсіўнай, імперыялістычнай Расійскай Федэрацыі да Польшчы».
Караль Наўроцкі. Фота: Mateusz Slodkowski / Getty Images
Польшча павінна разгледзець магчымасць распрацоўкі ўласнай ядзернай зброі ў святле росту пагрозы з боку Расіі, заявіў прэзідэнт Караль Наўроцкі ў інтэрв'ю тэлебачанню Polsat News.
«Я вялікі прыхільнік далучэння Польшчы да ядзернага праекта», — сказаў Наўроцкі ў інтэрв'ю, дадаўшы, што не можа сказаць, ці пачне Польшча работу па стварэнні ўласнай ядзернай зброі і калі гэта адбудзецца.
«Мы краіна, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы ўзброенага канфлікту, і мы ведаем, якое стаўленне агрэсіўнай, імперыялістычнай Расійскай Федэрацыі да Польшчы», — дадаў Наўроцкі.
Наўроцкі ў інтэрв'ю Polsat News адзначыў, што Польшча павінна ісці шляхам развіцця ўласнага ядзернага патэнцыялу з захаваннем усіх міжнародных правілаў.
На пытанне, ці дазволяць ЗША Польшчы рухацца ў гэтым кірунку, паколькі Варшава з'яўляецца падпісантам Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Наўроцкі адказаў: «Я гэтага не ведаю, але нам трэба дзейнічаць у такім кірунку, каб мы маглі пачаць працу».
«Расія можа агрэсіўна адрэагаваць на што заўгодна», — заявіў прэзідэнт Польшчы ў адказ на пытанне пра магчымыя дзеянні Масквы ў выпадку пачатку работы над польскай ядзернай праграмай.