БЕЛ Ł РУС

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

17.02.2026 / 09:59

Nashaniva.com

Экс-банкір, экс-палітвязень, былы ўдзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Віктар Бабарыка падзяліўся сваім бачаннем будучыні краіны і тым, чым плануе «займацца ў час, што застаўся» яму. Ён падкрэсліў, што выступае не як палітык, а як менеджар. Сваёй галоўнай задачай ён бачыць стварэнне «нерасійскай» Беларусі, якая стане элементам бяспекі Еўропы. Прыводзім яго тэкст. 

Гэта не будзе дэталёвая «дарожная карта» маіх крокаў — я паспрабую сфармуляваць мэту і абазначыць магчымасці яе дасягнення. Больш за тое, я не стану пісаць вялікі тэкст, а толькі пазначу стартавую кропку, з якой выйду «ў людзі» 

Адразу хачу ўдакладніць: гэта не палітычная заява і не рашэнне «заставацца» ў палітыцы.

Я — менеджар. І калі я нешта сапраўды ўмею, дык гэта прапаноўваць бачанне будучыні, структураваць і фарміраваць шляхі руху да пастаўленай мэты, ацэньваць і знаходзіць неабходныя рэсурсы для яе дасягнення (людзей, каманды, інструментарый і г.д.), арганізоўваць працу, кантраляваць ход выканання, уносіць патрэбныя карэкціроўкі і справаздачыцца перад тымі, хто даў мне магчымасць спрыяць дасягненню ўзгодненых мэтаў.

Таму буду выкладаць паслядоўна. 

Мэта

«Нерасійская» (незалежная), бяз’ядзерная, дэмакратычная Беларусь — неабходны элемент бяспекі Еўропы.

Патлумачу кожнае слова.

«Нерасійская» — амаль поўная залежнасць Беларусі ад сыравінных рэсурсаў Расіі, а таксама санкцыі з боку развітых краін за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны прывялі да таго, што наша прадукцыя прадаецца пераважна на рынках «усходняга брата». Гэта істотна абмяжоўвае наш суверэнітэт і магчымасць жыць так, як хочам мы, а не так, як выгадна камусьці іншаму.

«Бяз’ядзерная» — выключэнне з Канстытуцыі артыкулаў пра бяз’ядзерны статус і нейтралітэт краіны фактычна прывяло да таго, што на нас павесілі «пояс шахіда» ў выглядзе «Арэшніка», пульт кіравання ад якога знаходзіцца ў Маскве. Акрамя таго, Беларусь зрабілі ворагам для нашых суседзяў і ўсёй Еўропы. У выніку нас успрымаюць як пагрозу, а не як дружалюбную нацыю, што зусім не спрыяе росквіту і паляпшэнню якасці жыцця кожнага чалавека.

«Дэмакратычная» — гэта краіна, у якой ёсць магчымасць выбіраць шлях развіцця праз фармаванне агульнага бачання ўсімі грамадзянамі, а не толькі тымі, хто лічыць, што мы яшчэ «не дараслі» да такога выбару і што толькі яны ведаюць, што патрэбна гэтаму «народцу». Мы павінны пабудаваць краіну, у якой народ фармулюе запыты да ўлады дзеля дабрабыту людзей, а не ўлада загадвае, што і як нам рабіць дзеля захавання самой сябе.

Ці можна «з’есці гэтага слана адразу і цалкам»?

У адрозненне ад 2020 года, калі мы былі вельмі блізкія да пачатку гэтага працэсу і мелі выразна ўсвядомлены час і інструменты, сёння сітуацыя выглядае значна горш. Але я не лічу яе безнадзейнай.

Менавіта таму я займаўся і буду займацца пабудовай такой краіны — незалежна ад сферы, у якой мае намаганні будуць найбольш запатрабаваныя.

Чытайце таксама:

Бабарыка запосціў змагарскую гарэлку з «Пагоняй» і бел-чырвона-белай стужкай

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м

Віктар Бабарыка адказаў на завочныя пытанні Мікіты Мелказёрава

Каментары да артыкула