За педафілію арыштавалі выкладчыка робататэхнікі з Паставаў. Налічылі 17 пацярпелых
Віктару Кадушкевічу пагражае да 13 гадоў зняволення.
Віктар Кадушкевіч. Фота: Ok.ru
У міліцэйскай справаздачы аб сітуацыі з крыміналам у Віцебскай вобласці расказваецца пра спыненне злачыннай дзейнасці рэпетытара робататэхнікі Віктара Кадушкевіча. Дакумент апублікаваны Belpol.
Як паведамляе міліцыя, з чэрвеня 2024 да студзеня 2026 года Кадушкевіч займаўся з дзецьмі робататэхнікай. Яму інкрымінуюцца дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да 17 непаўналетніх.
«Дзеянні сэксуальнага характару» — гэта юрыдычная фармулёўка, якая тлумачыць, што непасрэднага згвалтавання дзяўчат не было, але былі любыя іншыя дзеянні (дотыкі да палавых органаў, аральны сэкс ці іншае).
З улікам паўторнасці Кадушкевічу пагражае за гэтыя злачынствы ад 5 да 13 гадоў зняволення (ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэкса).
Віктару Кадушкевічу 39 гадоў. Ён працаваў у дзіцячым цэнтры RoboLego у Паставах, яго вучні ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах і здабывалі на іх медалі.
Мяркуючы з сацсетак, у Кадушкевіча былі жонка і дзіця, аднак апошнім часам ён быў у разводзе.
Апошні раз Кадушкевіч быў анлайн «Укантакце» 4 студзеня 2026 года. Тады ж яго, відаць, і арыштавалі.