БЕЛ Ł РУС

Гомельскія ўлады і «Рускі дом» пасварыліся праз сцяг СССР

25.02.2026 / 16:28

Nashaniva.com

У пачатку лютага кіраўнік «Рускага дома ў Гомелі» Аляксандр Маржухін абвінаваціў мясцовыя ўлады ў неканструктыўным стаўленні да дзейнасці арганізацыі, аднак сутнасць канфлікту заставалася невядомай. Выданне «Флагшток» высветліла, што праблема ў сцягу СССР.

Савецкі сцяг на фасадзе «Рускага дома ў Гомелі». Фота: t.me/russiangomel

Як даведаўся «Флагшток», «цёркі» паміж уладамі горада і Маржухіным узніклі праз вывешаны на будынку «Рускага дома» сцяг Савецкага Саюза. Гэта не спадабалася чыноўнікам, якія, верагодна, хацелі б самі кантраляваць выкарыстанне гэтай сімволікі. Як правіла, улады Беларусі выкарыстоўваюць яе толькі ў кантэксце Другой сусветнай вайны.

Маржухін у 2025 годзе атрымліваў падзяку ад Гомельскага гарсавета. Фота: «Гомельские ведомости»

Як паведамляў «Флагшток», сцяг СССР быў вывешаны над уваходам у будынак «Рускага дома» побач з расійскім сцягам яшчэ ў кастрычніку 2025 года. Гэта была ініцыятыва «Гістарычнага клуба» пры «Рускім доме», які вядзе адыёзны прапагандыст сталінізму і «рускага свету» Арцём Сакоўскі.

Афіцыйна «Рассупрацоўніцтва» тлумачыла з'яўленне сцяга так:

«У нашым гістарычным клубе адбылася важная падзея: сцяг СССР — той самы, пад якім нашы дзяды ішлі ў бой, — цяпер горда лунае на нашым будынку. Гэта сімвал доблесці, стойкасці і Вялікай Перамогі, які цяпер бачыць увесь горад. Ён будзе натхняць нас на новыя даследаванні, дыскусіі і справы, годныя памяці нашых герояў, кожны дзень нагадваючы пра нашу вялікую гісторыю».

Але пасля канфлікту з гарадскімі ўладамі сцяг Савецкага Саюза прыбралі з будынка «Рускага дома».

Чытайце таксама:

У Гомелі адкрылася выстава, прысвечаная «героям СВА»

У Гомелі «Рускі дом» пад маўчанне ідэолагаў масава раздае георгіеўскія стужкі

Партрэты ваенных злачынцаў «СВА» выставілі ў Брэсце

Каментары да артыкула