Выйшла кніга «Беларусы ў Латвіі (1918—1945)»
Кніга гісторыка, прафесара Юрыя Грыбоўскага выйшла ў Беластоку (выдаўцы — Беларускае гістарычнае Таварыства, фонд Kamunikat.org).
Гэта 1054 старонкі працы, падрыхтаванай на падставе шматгадовых пошукаў у архівах і бібліятэках Беларусі, ЗША, Латвіі, Літвы, Германіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі і Эстоніі, паведамляе Беларускі інстытут публічнай гісторыі.
Кніга паказвае гісторыю беларускай супольнасці на фоне ключавых этапаў латвійскай гісторыі: змагання за незалежнасць, будавання дэмакратычнай дзяржавы, усталявання аўтарытарнага кіравання, а таксама савецкай і нямецкай акупацый. Менавіта ў міжваенны час Латвія стала адным з найважнейшых асяродкаў беларускага нацыянальнага руху па-за межамі радзімы.
Таксама асобна разглядаюцца аспекты латвійска-беларускіх адносін, якія раней амаль не былі сістэмна апісаныя; у прадмове былы амбасадар Латвіі ў Польшчы Юрыс Пойканс называе кнігу істотным унёскам у абедзве гістарыяграфіі.