БЕЛ Ł РУС

Знакамітая беларуская гімнастка адкрыла ў Мінску студыю для трэніровак

13.03.2026 / 10:00

Арына Жураўская

Мастацкая гімнастка Арына Цыцыліна двойчы прадстаўляла Беларусь на Алімпіядзе. Гульні ў 2021 годзе сталі для яе апошнімі. Пасля дзяўчына зарабляла на правядзенні майстар-класаў, а летась адкрыла студыю для трэніровак у «Мінск-Свеце».

Арына Цыцыліна

Фактычна гаворка ідзе пра рэбрэндынг студыі, якая існавала раней, але Арына без гонару называе сябе заснавальніцай Artstretch space. У сваім тэлеграм-канале спартсменка піша, што марыла стварыць жаночую прастору пяць гадоў.

Слоган такі: «Усвядомлены рух замест гонкі за ідэалам».

Знаходзіцца студыя ў «Мінск-Свеце» — на вуліцы Брылеўскай. Акрамя заняткаў па такіх напрамках як пілатэс, аэра-стрэтчынг, ёга і іншых, тут праводзяцца розныя мерапрыемствы — напрыклад, роспіс свечак ці стварэнне карты жаданняў.

Ранішні (да 14:00) абанемент на чатыры заняткі каштуе 86 рублёў, звычайны — 92. Індывідуальныя заняткі — ад 59 рублёў. Ёсць і строгія правілы — напрыклад, калі адмяніць трэніроўку менш, чым за гадзіну, яе ўсё роўна спісваюць з абанемента.

Арына Цыцыліна ў сваёй студыіі Artstretch space

Нагадаем: сама Арына нарадзілася ў Расіі, там жа пачала займацца спортам. У 2013 годзе таленавітую дзяўчыну на спаборніцтвах у Іспаніі заўважыла Марына Лобач і запрасіла ў Беларусь. Арына прапанову прыняла, пераехала і пачала выступаць за нашу краіну.

Арына Цыцыліна — двухразовая чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў (2015 і 2019 гады), чэмпіёнка Еўропы 2016 года. На Алімпійскіх гульнях у складзе беларускай каманды яна была двойчы — і ў 2016, і ў 2021 годзе беларускія мастацкія гімнасткі занялі пятае месца.

Чытайце таксама:

Украінскага скелетаніста Гераскевіча дыскваліфікавалі на Алімпіядзе за шлем з фотаздымкамі загінулых на вайне спартоўцаў

Прапанову Меліціне Станюце абраннік зрабіў на дзвюх мовах: адна з іх — беларуская

Паветраная гімнастка паказала закуліссе працы ў Белдзяржцырку

Максім Недасекаў выставіў на продаж машыну. Сцвярджае, што хоча набыць нерухомасць

Каментары да артыкула