У Паўднёвай Карэі бабулям і дзядулям улады плацяць за догляд унукаў па 200 даляраў на месяц
Такім чынам улады эксперыментуюць з новымі спосабамі вырашэння праблемы імклівага зніжэння нараджальнасці ў краіне.
Фота: AP Photo / Ahn Young-joon
У Паўднёвай Карэі выплачваюць бабулям і дзядулям штомесячную дапамогу ў памеры каля 200 даляраў на догляд унукаў, піша The Independent.
Такая эксперыментальная праграма запускалася ў Сеуле, сталіцы Карэі, і аказалася паспяховай. У сакавіку яе пашыраць і на востраў Чэджу.
Сеул запусціў праграму дапамогі па доглядзе ўнукаў у 2023 годзе і выплачвае сем’ям 204 даляры ў месяц, калі бабулі, дзядулі або іншыя сваякі забяспечваюць догляд дзяцей не менш за 40 гадзін кожны месяц.
На канец 2025 года дапамогу ў Сеуле атрымалі 5 466 чалавек.
Каб мець права на ўдзел у праграме, сем’і павінны мець дзяцей ва ўзросце ад двух да трох гадоў, а даход сям’і не можа быць вышэйшым за 150% ад нацыянальнага медыяннага паказчыка. Пад праграму падпадаюць сем'і, дзе працуюць абодва бацькі, няпоўныя або шматдзетныя сем’і.
Бабулі і дзядулі ўсё часцей запаўняюць прабелы, выкліканыя абмежаванай даступнасцю дзіцячых садкоў.
Палітыка, накіраваная на палягчэнне догляду дзяцей, стала прыярытэтам для ўрадаў усёй Усходняй Азіі, якія змагаюцца з сур’ёзным дэмаграфічным крызісам. Пасля амаль дзесяцігоддзя няўхільнага зніжэння нараджальнасці ў Паўднёвай Карэі ў 2025 годзе быў зафіксаваны яе рост.
У мінулым годзе нарадзілася 254 500 дзяцей, што на 6,8 працэнта больш, чым у папярэднім годзе, і стала самым вялікім гадавым прыростам з 2007 года. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці — паказчык таго, колькі дзяцей, як чакаецца, народзіць жанчына на працягу свайго жыцця — вырас з 0,75 да 0,80, вярнуўшыся ў дыяпазон 0,8 упершыню за чатыры гады.
Чытайце таксама:
Нараджальнасць у Беларусі зменшылася за год яшчэ на 10,7%. Новая закрытая статыстыка Мінздароўя
Пяць шляхоў, якімі дэмаграфія трансфармуе сусветную эканоміку
Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?