Грамадства1111

Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?

На Усебеларускім народным сходзе пастанавілі павялічыць нараджальнасць і сярэднюю працягласць жыцця. Наколькі гэта рэалістычна, «Наша Ніва» абмеркавала з эканамістам Львом Львоўскім.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Каб павялічыць працягласць жыцця, трэба заняцца мужчынамі

У наступныя пяць гадоў улады паставілі мэту павысіць нараджальнасць з 6,5 да 7 чалавек на тысячу, знізіць смяротнасць і падоўжыць сярэднюю працягласць жыцця да 76,5 года супраць 74,7 года цяпер.

Львоўскі звяртае ўвагу на тое, што важна лічыць паказчыкі чаканай нараджальнасці ў пераліку менавіта на жанчыну, а не на тысячу ці сто тысяч насельніцтва агулам.

«У пераліку на сто тысяч насельніцтва можна лёгка падмануцца праз розныя памеры кагорт. Таму для сацыяльна-эканамічных паказчыкаў важна прапорцыя, колькі дзяцей нараджаецца ў пераліку на жанчыну. І тут у нас пакуль што ўсё дрэнна», — кажа эксперт.

А каб павялічыць сярэднюю працягласць жыцця, трэба заняцца мужчынамі.

«У Беларусі галоўны правал у сярэдняй працягласці жыцця назіраецца менавіта па мужчынах (69,3 года). Па жанчынах паказчыкі ў нас неблагія (79,8 года), цалкам еўрапейскія, а вось мужчыны ў нас у сярэднім паміраюць на 10 гадоў раней.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Заўчасная смяротнасць сярод мужчын пачынаецца гадоў з 40, таму ў гэтым кірунку сапраўды ёсць чым займацца», — кажа Львоўскі.

Першым крокам на гэтым шляху Львоўскі называе збор статыстычных даных.

«Для пачатку трэба пачаць збіраць сапраўдную статыстыку, бо менавіта ў медыцыне і ахове здароўя статыстыка ў нас збіраецца вельмі дрэнна.

Адбываецца шмат фальсіфікацый на розных узроўнях, існуюць так званыя палітызаваныя хваробы, ад якіх нельга паміраць, таму дактарам даводзіцца рабіць пэўныя махінацыі, каб не ўпісваць іх у прычыны смерці», — тлумачыць эксперт.

Па-другое, на думку Львоўскага, нам неабходная прапаганда ў добрым сэнсе гэтага слова і іншыя захады, накіраваныя на тое, каб людзі менш самі наносілі шкоду свайму здароўю і ў прыватнасці менш курылі.

«Таксама трэба змяніць культуру піцця. Па абсалютных лічбах выпітага алкаголю беларусы не рэкардсмены, але па залішняй смяротнасці сярод мужчын — мы рэкардсмены, таму рэч тут не толькі ў агульным аб’ёме ўжытага алкаголю, але, па ўсёй бачнасці, і ў культуры піцця», — лічыць эксперт.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Сярод метадаў у барацьбе са злоўжываннем алкаголем і курэннем — гэта павышэнне акцызаў і абмежаванні на продаж алкаголю па часе.

«У некаторых краінах яшчэ, напрыклад, робяць так, што павышаюць акцыз на моцны алкаголь, каб людзі пераходзілі з умоўнай гарэлкі на ўмоўнае віно», — дадае Львоўскі.

Далей эксперт адзначае, што ў Беларусі павышаная смяротнасць сярод супрацоўнікаў на шкодных прадпрыемствах.

«Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у нас высокая смяротнасць ад бруднага паветра, хоць з якасцю паветра ў Беларусі праблем няма. Таму, абапіраючыся на гэтыя даныя, мы можам прыйсці да высновы, што гэтае бруднае паветра мужчыны знаходзяць у брудных цэхах», — звяртае ўвагу Львоўскі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Для эканомікі аднолькава важна як стымуляваць нараджальнасць, так і захоўваць жыццё. Калі мы заахвоцім сям’ю нарадзіць яшчэ адно дзіця, то эканоміка атрымае працаздольнага грамадзяніна толькі гадоў праз 18, а калі мы прадухілім раннюю смерць, то мы захаваем ужо працаздольнага чалавека», — тлумачыць эканаміст.

Як павысіць нараджальнасць?

Каб сем'і хацелі заводзіць дзяцей, трэба стварыць адпаведныя ўмовы.

«Калі казаць пра нараджальнасць, то ў эканамічным плане ў дзіцяці ёсць дзве вартасці: грашовая і часавая, бо каб яго выхаваць, трэба з ім праводзіць шмат часу. У Беларусі ўрад звычайна субсідаваў грашовую вартасць дзіцяці. Да 2017 года грашовыя стымулы паказвалі добры эфект, але пазней, яшчэ за некалькі гадоў да 2020-га, усё пайшло на спад», — адзначае эксперт.

На думку Львоўскага, гэта азначае, што ўсё важнейшай становіцца часавая вартасць, калі нараджэнне дзіцяці пачынае ўступаць у канфлікт з кар’ерай.

«Гэты аспект таксама можна субсідаваць і дапамагаць маладым сем’ям і патэнцыйным бацькам. Але ў гэтым напрамку ў Беларусі мала што робіцца.

У нас вялікія праблемы з яслямі. Дзіцячых садкоў фармальна дастаткова, але асабліва ў буйных гарадах яны часта месцяцца не ў новых раёнах, дзе жыве шмат маладых сем’яў, а ў цэнтральнай частцы гарадоў, дабірацца куды займае шмат часу».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Неабходна знайсці баланс паміж кар'ерай і бацькоўствам

Апроч адкрыцця ясляў і новых садкоў, Львоўскі лічыць важным лібералізаваць гэтую сферу, каб было больш прыватных устаноў.

«Таксама варта пераглядзець працоўнае заканадаўства, каб зрабіць больш гнуткімі ўмовы працоўных дамоў у пытаннях бацькоўства. Напрыклад, каб маладая маці ці бацька маглі палову ці траціну часу працаваць аддалена».

Дэкрэтны адпачынак у тры гады эканаміст лічыць надта працяглым.

«Частка насельніцтва радая таму, што ім даюць магчымасць так доўга сядзець у дэкрэце, але частка можа нават адмовіцца ад таго, каб нарадзіць, бо жанчына не гатовая на тры гады выйсці з кар’еры. І тут мы зноў сутыкаемся з праблемай з яслямі, калі няма куды адправіць двухгадовае дзіця.

Іншымі словамі, нам трэба аслабіць канфлікт паміж бацькоўствам і кар’ерай, а для гэтага патрэбны сапраўды комплексны падыход», — лічыць Львоўскі.

Эміграцыя можа абнуліць рост нараджальнасці

Не менш важным пытаннем у беларускіх рэаліях з’яўляецца міграцыя. Бо не важна, якая будзе нараджальнасць, калі людзі, якія дасягнулі працаздольнага ўзросту, будуць з’язджаць з краіны.

«Нам трэба спыніць эміграцыю і пачынаць прывабліваць імігрантаў. У Беларусі ўсё дрэнна ў абодвух аспектах.

Каб спыніць эміграцыю, трэба стабілізаваць сітуацыю і спыніць рэпрэсіі. Але тут трэба разумець, што рэпрэсіі дзейнічаюць не толькі непасрэдна ў тым выпадку, калі з краіны з’язджае чалавек, якому нешта пагражае. Часам людзі з’язджаюць і тады, калі прыйшлі да суседа.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Ёсць і больш складаныя працэсы. Напрыклад, у нас з 2020 года звольнілі ледзь не чвэрць усіх выкладчыкаў у ВНУ. У выніку знізілася якасць адукацыі, што можа прывесці да сітуацыі, калі нават непалітызаваная сям’я захоча, каб іх дзіця паступіла за мяжу, бо ў Беларусі яно, напрыклад, не атрымае якасную эканамічную ці гістарычную адукацыю.

Бо ўсе, хто нешта разумеў у эканоміцы, даўно звольнены, і замест іх засталіся прапагандысты, якія замест падручнікаў чытаюць выступы Лукашэнкі», — кажа Львоўскі і дадае, што адукацыя стала вельмі палітызаванай.

І падобныя ўскосныя чыннікі назіраюцца не толькі ў галіне адукацыі, але і, напрыклад, у медыцыне, калі праблему з недахопам медыкаў вырашаюць пераважна метадам пугі.

Напрыклад, павялічваюць долю месцаў для мэтавікоў, каб закрыць праблему на час адпрацоўкі, але тым самым адбіваючы жаданне паступаць у іншых.

«Метад пугі заўжды працаваў не вельмі эфектыўна нават у часы СССР ва ўмовах закрытых межаў, а калі межы адкрытыя, то метад пугі кагосьці прымусіць застацца і працаваць, а іншых падштурхне да таго, каб з’ехаць з краіны.

У выніку праз усеабдымныя рэпрэсіі падае агульны ўзровень жыцця, што падштурхоўвае да эміграцыі ў тым ліку непалітызаваную частку грамадства», — адзначае Львоўскі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • 3-х гадовы дэкрэт
    14.01.2026
    Юрыдычна магчымасць выйсці з дэкрэта да спаўнення дзіцём трох гадоў ёсць і зараз, але так не шмат робяць, не толькі з-за недахопу ясляў. Дадатковыя прычыны:
    1) Пры выхадзе на працу перастаюць выплачвацца дэкрэтныя. У выпадку невысокага заробку можна наогул працуючы сыйсці ў мінус у параўнанні з тым, каб проста знаходзіцца ў дэкрэце. - Праблему можна вырашыць, калі ўсе выплаты захоўваць не залежна ад таго ці працуюць бацькі.
    2) У 1-2 гады дзеці часта вельмі прывязаныя да маці. Дзіцё можа кідацца ў істэрыку проста ад таго, што згубіў маму, бо тая на паўхвіліны ў туалет выйшла. Не кожны гатовы кідаць дзіцё ў слязах і ісці на працу. Чым дзіцё старэйшае, тым яму болей становяцца цікавымі іншыя дзеці, забавы, ну і трох гадоваму дзіцяці ўжо можна нават спрабаваць патлумачыць, што мама хутка павернецца. - Тут усё індывідуальна, але для многіх гэта не вырашальная праблема, з-за якой жанчыны проста будуць звальняцца з працы пры скарачэнні дэкрэта, што толькі пагоршыць умовы для гадавання дзяцей і адпаведна жадання іх нараджаць.
    3) Малыя дзеці часта пачынаюць у калектыве пастаянна хварэць. Гэта прыводзіць да частых бальнічных і адпаведна нежадання браць на працу жанчын, у якіх ёсць дзеці ва ўзросце 3-5 гадоў. Змянчэнне дэкрэта да 2-х гадоў толькі пагоршыць сітуацыю, бо перыяд пастаянных бальнічных павялічыцца яшчэ на год. - Часткова праблему можна зменшыць, калі колькасць дзяцей у дзіцячых групах зменшыць да 5-7 чалавек, аднак гэта адразу прывядзе да павялічэння выдаткаў на садкі.
  • Бред мышления
    14.01.2026
    По приказу дети не рождаются. Какая тупая у нас власть.
  • Так можна толькі нашкодзіць
    14.01.2026
    «Таксама варта пераглядзець працоўнае заканадаўства, каб зрабіць больш гнуткімі ўмовы працоўных дамоў у пытаннях бацькоўства. Напрыклад, каб маладая маці ці бацька маглі палову ці траціну часу працаваць аддалена» - там, дзе можна працаваць удалённа, трэба, каб ва ўсіх была магчымасць працаваць удалённа. А стварэнне асаблівых патрабаванняў для працы маладым бацькам прывядзе толькі да яшчэ большага нежадання наймаць на працу маладых бацькоў і ў дадатак да поўнай забароны на працу маладым бацькам ва ўсіх месцах, дзе ўдалённа працаваць не магчыма.

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі2

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць