Гімн восені: песня «Ляпісаў» на словы Купалы
+ тэкст + меркаванні Вольскага і Памідорава
Лейтматывам летніх акцый пратэсту была песня «Перамен!» Віктара Цоя. Зараз яе змяняе «Не быць скотам!» Сяргея Міхалка.
Песню на словы Янкі Купалы «Ляпіс Трубяцкой» прэзентаваў 10 верасня ў піцерскім клубе «Космонавт». Там гурт, забаронены ў Беларусі, выступаў з новай праграмай «Грай».
Адна з вызначальных рысаў новай праграмы «Ляпісаў» з загалоўнай беларускай песняй -магутны пратэстны запал. Перад сцэнай і ў руках музыкаў луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Пры канцы выступу Міхалок шмат разоў выгукнуў «Жыве Беларусь!»
Песня «Не быць скотам!» стала гваздом канцэрта.
Верш «Хто ты гэткі?», які спявалі «Ляпісы», Купала напісаў у 1908-м, пераломным годзе яго біяграфіі. У той год паэт, пакінуўшы бровар у Яхімоўшчыне, пераязджае ў Вільню і пачынае працаваць у газеце «Наша Ніва».
«Хто ты гэткі» —
беларускае перастварэнне класічнага верша польскага паэта-неарамантыка Уладыслава Бэлзы «Катэхізіс польскага дзіцяці»:
Kto ty jesteś?
Polak mały,
Jaki znak twój?
Orzeł biały…
У адрозненне ад польскага, напісанага ў спакойным 1900-м, беларускі верш — для дарослых. І на першым месцы ў ім не нацыянальнае самавызначэнне, а патрабаванне сацыяльных правоў, «зямлі і волі». Не забываймася: твор пісаўся па свежых слядах рэвалюцыі 1905 года.
Нават слова «беларус» не вымаўляецца. Замест яго Купала ўжывае згладжанае «тутэйшы» — вызначэнне, якое пасля стане адмоўна-парадыйным. Але ў 1908-м
Купала, відаць, паставіў на першае месца прагу не нацыянальных, а базавых чалавечых правоў беларусаў.
Сведчаннем нацыянальнай пазіцыі ў пачатку ХХ стагоддзя была сама мова верша. Зрэшты, як і сёння.
Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— У сваёй вёсцы.
Дзе хрысціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Не быць скотам.
Песня «Ляпісаў» —
маршавая, наступальная. З жорсткім рытмам і гімнавай духавой секцыяй. Трохі нагадвае панкаўскі «Маніфест» Міхалка, толькі спяваецца, як відаць на канцэртных запісах, усур’ёз.
Песня добра надаецца для гульні з залай — калі спявак гукае ў мікрафон пытанне, а тысячы слухачоў равуць адказ. То неўзабаве армія фанатаў «Ляпіса» вывучыць яшчэ адзін класічны верш Купалы.
Калегі па цэху па-рознаму ацэньваюць новы твор «Ляпісаў».
«Народ сам выбірае свае гімны, і калі гэтую песню так называюць, значыцца, у гэтым ёсць сэнс, — кажа Лявон Вольскі. — Я аб’ектыўна не магу ацэньваць творчасць Міхалка — мы з ім прыяцелі, аднак мне падабаецца большасць таго, што ён робіць. Цяперашні фармат «Ляпісаў» з заклікамі і маніфестамі вельмі сугучны творчасці Купалы пачатку ХХ стагоддзя, увогуле творчасць паэтаў тых часоў вельмі блізкая да нашай рэчаіснасці».
А Аляксандр Памідораў не бачыць у песні нічога асаблівага: «Чаму вам так карціць займацца стварэннем гімнаў? Ну, песня на верш Купалы. У «Песняроў» былі песні на вершы Купалы, у гурта Road Dogs ёсць песня на верш Купалы. Ну і што? Калі вы хочаце з «Ляпісаў» гімны рабіць, дык узгадайце, як яны спявалі «Лукашэнка» на мелодыю «Бураціна». А тут песня і песня».
«Я доўга не мог падступіцца да гэтага верша, бо тут у некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народа, — адзначаў сам Сяргей Міхалок у рэзкім інтэрв’ю пасля канцэрта. — Мяне ўразіла, што вершы, напісаныя многа гадоў таму і злабадзённыя на той час, сфакусаваныя на рэальным жыцці, і сёння гучаць вельмі актуальна. Забаўна, што Купала можа падказаць усім беларусам, што рабіць і як жыць тут і цяпер — прычым лепей, чым любыя прамовы сучасных палітыкаў. У яго вершах закладзеная нейкая агульначалавечая канцэпцыя, што выходзіць за рамкі сённяшняга дня, таму зараз для мяне «не быць скотам» — гэта галоўны дэвіз».
І не толькі для яго. Пратэстны запал новай песні «Ляпісаў» можа зрабіць яе гімнам восені. Як гімнам летніх пратэстаў была песня «Перамен!» Віктара Цоя. Яна гучала з аўтамагнітолаў падчас «Стоп-бензіну», а нават была негалосна забароненая на ФМ-станцыях.