БЕЛ Ł РУС

Хакеры з Кітая атакавалі спадарожнікі ЗША

28.10.2011 / 12:19

Кітайскія хакеры арганізавалі кібератакі на два ўрадавых спадарожнікі ЗША ў 2007 і 2008 гадах. Хакеры пракраліся ў сістэму кіравання спадарожнікамі Landsat 7 і Terra (EOS AM-1) на наземнай станцыі, гаворыцца ў дакладзе, падрыхтаваным для Кангрэса ЗША.

«Доступ да кантролю за спадарожнікам даваў хакерам магчымасць пашкодзіць або знішчыць спадарожнік. Яны таксама маглі забараніць, падрабіць, панізіць якасць сігналу спадарожніка або ажыццявіць любыя іншыя маніпуляцыі», — цытуе даклад Guardian.

У кастрычніку 2007 спадарожнік Landsat 7 падвергнуўся нападу на 12 хвілін, а ў чэрвені 2008-га на дзве хвіліны выйшаў з-пад кантролю спадарожнік Terra. Праз месяц, у ліпені 2008, новай атацы падвергнуўся Landsat 7 — хакеры зноў кантралявалі яго 12 хвілін. У кастрычніку 2008-га зноў быў атакаваны спадарожнік Terra, ужо на дзевяць хвілін.

У дакладзе, які разгледзіць камісія па эканоміцы і бяспецы ў ЗША і Кітаі, прыводзяцца дадзеныя амерыканскіх ваенна-паветраных сіл. Згодна з іх расследаваннем, кітайскі ўрад мог спансаваць хакерскія атакі, спрабуючы такім чынам высветліць, наколькі ўразлівыя сістэмы кіравання спадарожнікамі ЗША. Тым не менш, у дакладзе не сцвярджаецца, што ўрад Кітая меў да іх непасрэднае дачыненне.

Напады праводзіліся праз камерцыйную спадарожнікавую станцыю, размешчаную на нарвежскім Шпіцбергене. Гэта толькі адна з чатырох станцый, з дапамогай якой ажыццяўляецца кантроль за Landsat 7, астатнія тры размешчаныя на тэрыторыі ЗША. НАСА выкарыстоўвае станцыю на Шпіцбергене для перадачы дадзеных. Іншых падрабязнасцяў атакі ў дакладзе не прыводзіцца.

Згодна з даведнікам па Landsat 7, наземны аперацыйны цэнтр можа пасылаць дадзеныя аб змене арбіты і разнастайных манеўрах. Гэта азначае, што хакеры маглі даслаць на спадарожнік памылковыя дадзеныя, якія прывялі б да некантраляванага руху. У выніку спадарожнік мог згарэць, а яго абломкі маглі зваліцца ў непрадказальных раёнах Зямлі.

Кітайскі ўрад не ўпершыню абвінавачваецца ў хакерскіх нападах, скіраваных супраць заходніх кампаній і інфраструктуры, гэтак жа як і ў кібератаках на дысідэнтаў і апазіцыю.
У Кітаі пастаянна адпрэчваюць гэтыя абвінавачванні.

Тым не менш у чэрвені вайскоўцы Кітая абвясцілі эру «інтэрнэт-войнаў», заявіўшы, што кібератакі і супрацьстаянне ў сеціве прыходзяць на змену ядзернаму стрымліванню.

«У той час як ядзерная вайна была стратэгіяй індустрыяльнага грамадства, інтэрнэт-вайна робіцца прадуктам інфармацыйнага грамадства», — гаварылася ў артыкуле выкладчыкаў Кітайскай акадэміі ваенных навук.

Праграмная заява прадстаўнікоў арміі Кітая з’явілася праз некалькі дзён пасля паведамлення ў Wall Street Journal пра спецыяльную стратэгію Пентагона, якая прадугледжвае адказ ваеннай сілай на хакерскія атакі з-за мяжы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула