БЕЛ Ł РУС

Бародзіч-Смалінскі: Суверэнітэт Беларусі паступова размываецца

19.12.2011 / 12:37

Як бачаць расійска-беларускія інтэграцыйныя працэсы замежныя палітолагі?

Навіна пра стварэнне ў перспектыве на постсавецкай прасторы новага Еўразійскага эканамічнага саюза ў Беларусі ўспрынялі па-рознаму. Прадстаўнікі ўлады дружна заявілі аб паглыбленні інтэграцыйных працэсаў, незалежныя палітолагі — пра пагрозу суверэнітэту і беларускай дзяржаўнасці. Сваім меркаваннем што да перспектываў стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза і наступствы дадзенага працэсу для Беларусі, «Штодзённік» папрасіў падзяліцца сябра праўлення варшаўскага Цэнтра міжнародных даследаванняў Войцеха Бародзіч-Смалінскага.

— Інтэграцыйны працэс на Усходзе пачаўся адразу ж пасля таго, як распаўся Савецкі Саюз. Ідэя гэтага працэсу — стварыць нешта падобнае да Еўрасаюза.

Розніца толькі ў тым, што ў Еўрасаюзе ўсе гэтыя працэсы пачынаюцца знізу. А на Усходзе — зверху.
І не зверху ўсіх дзяржаваў, а зверху адной, якая мае самы вялікі патэнцыял, самую вялікую колькасць насельніцтва, самы вялікі бюджэт. Якая падтрымлівае ўсе астатнія дзяржавы. У ЕС такога няма. Можна, вядома, казаць, што ў Еўрасаюзе ёсць Германія, Францыя. Гэта, вядома, уплывовыя дзяржавы. Але ў ЕС ёсць механізмы, якія дазваляюць кантраляваць гэтыя краіны, ёсць механізмы ўзгаднення. І яны працуюць. Усе дамовы, дырэктывы, распараджэнні дзейнічаюць. А ва ўсходняй інтэграцыі з падпісаных дакументаў працуюць 10–15%. І гэта таксама паказчык рэальнасці інтэграцыі.

Цяпер пачынаецца новая інтэграцыйная кампанія ў Расіі, і мы былі сведкамі беспрэцэдэнтнага абмену думкамі паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Абодва яны казалі пра будучыню, але, як на мяне, кожны думаў пра розныя рэчы. Уладзімір Пуцін пачаў сваю выбарчую кампанію з ідэі, што трэба ўзмацняць інтэграцыю.

Падставы для гэтага тыя ж, што і ў ЕС. Сярод іх і глабалізацыя, і кітайская эканамічная пагроза і тое, што краіна не можа жыць без цесных кааперацыйных сувязяў. Але пачатак выбарчай кампаніі з інтэграцыйных планаў азначае, што Уладзімір Пуцін бярэ на сябе абавязанне, прыйшоўшы да ўлады, за 12 гадоў пакінуць нейкае новае ўтварэнне. Я не думаю, што гэтая ідэя звязаная з задачай выйграць выбары. Ён іх выйграе і так. Думаю, што Пуцін проста хоча ўпісаць сябе ў гісторыю як асобу, якая змагла аб’яднаць краіны ў саюз.

Але гэты працэс выклікае пытанні.
Па-першае, таму што ў ЕС ніхто не думае, што Еўразійскі эканамічны саюз — гэта сур’ёзная ініцыятыва. Па-другое, вельмі мала людзей разумее, як гэта адаб’ецца на будучыні. І, па-трэцяе, ніхто не ведае, як пасля такога аб’яднання размаўляць з Расіяй.
А наконт пагрозы беларускаму суверэнітэту… Ці мае яго Беларусь?
Вядома, візуальна ён ёсць. Але яшчэ зусім нядаўна ў Беларусі ўсе казалі, што краіна не пачне прадаваць сваё фамільнае срэбра. Ніхто не верыў у продаж «Белтрансгазу». А што цяпер?

Кватэры ў Мінску актыўна скупляюць расійцы. Што гэта азначае? Вядома, для іх Беларусь — гэта краіна, якая бліжэйшая да ЕС. У ёй парадку больш, адміністрацыя працуе лепш і карупцыі менш. Гэта факт. Але гэта таксама азначае, што павялічваецца колькасць расійцаў, якія ўпэўненыя, што ім усё роўна — Расія або Беларусь. Гэта працэс. Ён зойме не год і не два. Ён расцягнецца на 10–15 гадоў.

А праз 20 гадоў можна прачнуцца ў іншай рэальнасці. Выбачайце, што я так сумна. Але такія тэндэнцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула