БЕЛ Ł РУС

Жыхары Віцебска просяць за Сяргея Каваленку

3.04.2012 / 10:22

Калектыўная заява з просьбай вызваліць сябра КХП БНФ з-пад варты і перавесці ў цывільны шпіталь накіравана старшыні Віцебскага абласнога суда.

Заяву падпісвалі на чарговым пасяджэнні аргкамітэта падтрымкі Сяргея Каваленкі. Мы вырашылі, што гэта будзе ліст ад прыватных асобаў — віцебскія актывісты не ўказвалі сваю партыйную прыналежнасць або сферу грамадскай дзейнасці.

Бо гаворка вядзецца пра выратаванне жыцця Сяргея — гэта наш агульначалавечы клопат. І старшыню абласнога суда мы таксама заклікаем да праяваў спачування і чалавечнасці.
Допіс на імя Мікалая Хамічонка я асабіста занесла ў абласны суд і яго зарэгістравалі пад нумарам 3760», — завіла грамадская актывістка Таццяна Севярынец — адна з тых, хто падпісаўся пад заявай.

У заяве на імя старшыні Віцебскага абласнога суда напісана: «Мы, грамадзяне Віцебска, вельмі занепакоеныя станам здароўя Сяргея Каваленкі, які галадуе больш за тры месяцы. Зараз ён знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні папраўчай калоніі № 3. Дзеянні медыцынскага персанала не прыводзяць да паляпшэння яго стану і могуць выклікаць смерць. Змена рэжыму ўтрымання і перавод Сяргея Каваленкі ў цывільны шпіталь могуць уратаваць ягонае здароўе і жыццё».

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэнне адбыцця «хіміі» за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. З сярэдзіны снежня з перапынкам на 20 дзён Сяргей Каваленка трымае галадоўку супраць прысуду.

26 сакавіка Сяргея Каваленку перавялі з рэспубліканскага турэмнага шпіталя на «Валадарцы» ў псіхіятрычны шпіталь пры калоніі «Віцьба-3».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула