БЕЛ Ł РУС

«Транснефць» не разглядае магчымасць куплі беларускіх трубаправодаў

11.05.2012 / 11:10

Расійская «Транснефць» не разглядае магчымасць куплі трубаправоднай сістэмы Беларусі, заявіў прэзідэнт кампаніі Мікалай Токараў.

«Гэта тэма ні разу афіцыйна не з’яўлялася прадметам перамоў з нашымі беларускімі партнёрамі. Ні разу ў „Транснефці“ не прымалася рашэнне прапрацаваць гэта пытанне. Мы ніколі афіцыйна не заяўлялі, што хочам зрабіць такі набытак. Калі такое пытанне і ўзнікала, то чыста ў тэарэтычнай плоскасці. Тэарэтычна так, можам, але ці варта?» — цытуе Токарава РИА Новости.

Паводле яго слоў, такіх прапрацовак «Транснефць» не рабіла і на гэтым этапе не лічыць патрэбным рабіць.

«Я не бачу падстаў рабіць тэму куплі прадметам абмеркавання. Калі ўзнікне такая задача — будзем яе разглядаць. Але сёння на парадку дня яна не стаіць», — зазначыў ён.

У пачатку красавіка віцэ-прэзідэнт кампаніі Міхаіл Баркоў казаў, што «Транснефць» можа выкупіць беларускую частку нафтаправода «Дружба», але ніякіх перамоў не вядзецца. Баркоў растлумачыў, што пытанне куплі беларускай часткі трубаправода патрабуе найперш палітычнага рашэння.

Трубаправод «Дружба» працягласцю прыкладна 6 тысяч кіламетраў з’яўляецца найбуйнейшай сістэмай трубаправодаў у свеце. Паўночны ўчастак нафтаправода праходзіць па Беларусі, Польшчы і Германіі, паўднёвы — па Украіне, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі. У Расіі нафтаправод праходзіць па 32 раёнах васьмі абласцей.

Марына Носава, БелаПАН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула