БЕЛ Ł РУС

Назарбаеў прыбыў у Беларусь цішком

13.05.2012 / 22:8

Чакалі ў нядзелю, а аказалася, што прыляцеў у суботу.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў прыбыў з афіцыйным візітам у Мінск вечарам 13 мая. На панядзелак запланаваныя яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім і пашыраным складах.

Аднак, як паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі, нефармальныя перамовы двух лідараў ужо адбыліся: 12–13 мая ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы Назарбаеў і Лукашэнка абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковых адносінаў напярэдадні сваіх афіцыйных перамоваў у Мінску.

Раней афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Алтай Абібулаеў паведамляў, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмяркуюць у Мінску «стан і перспектывы казахстанска-беларускага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурна-гуманітарнай галінах. Таксама плануецца абмен меркаваннямі па шырокім спектры праблем у міжнародным парадку дня».

Паводле яго слоў, «асаблівая ўвага» будзе надавацца практычным крокам па ўмацаванні ўзаемадзеяння паміж Казахстанам і Беларуссю ў рамках прамысловага, сельскагаспадарчага, навукова-тэхнічнага, транспартнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама эфектыўным выкананні плана сумесных мерапрыемстваў на 2012–2013 гады ў межах рэалізацыі праграмы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю на 2009–2016 гады.

Акрамя таго, Назарбаеў і Лукашэнка разгледзяць пытанні супрацоўніцтва ў рамках рэгіянальных інтэграцыйных аб`яднанняў: СНД, ЕўрАзЭС, Мытнага саюза, АЭП і АДКБ. Па выніках сустрэч плануецца прыняцце сумесных заяў кіраўнікоў дзяржаў, а таксама падпісанне шэрагу міжурадавых пагадненняў.

Таксама ў праграме візіту Назарбаева ў Мінск — ускладанне вянкоў да абеліска на плошчы Перамогі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула