БЕЛ Ł РУС

У Адміністрацыю прэзідэнта перададзена петыцыя ў абарону Бяляцкага

3.08.2012 / 12:52

3 жніўня ў прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі перададзена петыцыя ў абарону Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Дакумент падпісалі старшыня РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак, паплечніца Бяляцкага па «Вясне» Таццяна Равяка, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, намеснік РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец, кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, кіраўнік аб’яднання «Цэнтр па правах чалавека» Раіса Міхайлоўская і іншыя грамадскія актывісты.

Сёння падпісанты прыйшлі да прэзідэнцкай адміністрацыі. У прыёмную петыцыю аднеслі Алег Гулак і Таццяна Равяка. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.

Сутнасць дакумента зводзіцца да патрабавання неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых «вязняў сумлення».

«Мы лічым асуджэнне праваабаронцы незаконным, звязаным з яго праваабарончай дзейнасцю, — гаворыцца ў петыцыі. — Арышт Алеся стаў вынікам шматгадовай, мэтанакіраванай палітыкі беларускіх уладаў адносна праваабарончых і грамадскіх арганізацый краіны: пазбаўлення ў судовым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, стварэння перашкод, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, у рэгістрацыі НДА, наяўнасці крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, фактычнай забароны і крыміналізацыі замежнай фінансавай дапамогі».

Аўтары петыцыі патрабуюць «спыніць націск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны і праваабаронцаў і іх пераслед, а таксама прывесці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны правоў чалавека».

4 жніўня спаўняецца год з моманту затрымання Алеся Бяляцкага.
У лістападзе суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у праваабаронцы замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна». Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага меў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца аб’яўлены вязнем сумлення.

На мінулым тыдні група праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў Расіі выступіла з ініцыятывай аб’явіць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула