БЕЛ Ł РУС

Улады Мінска шукаюць інвестара, гатовага вылучыць 350 млн еўра на будаўніцтва бальніцы на поўначы горада

8.08.2012 / 12:33

Узвядзенне жылога мікрараёна Паўночны у Мінску замарожанае, аднак улады не адмаўляюцца ад праекта новай гарадской клінічнай бальніцы ў гэтай частцы горада.

Раней у СМІ паведамлялася, што аб’ект аховы здароўя пабудуюць з прыцягненнем французскага крэдыту ў памеры 300 млн еўра. Аднак цяпер, відавочна, улады занятыя пошукам новых крэдытораў. Адпаведная прапанова з’явілася днямі ў інвестыцыйным атласе на сайце Мінгарвыканкама. Толькі цяпер праект ацэнены ўжо ў 350 млн еўра.

«Клініка стане самай буйной у краіне. Прынцыпы функцыянавання новай клінікі набліжаныя да еўрапейскіх і міжнародных стандартаў», — удакладняецца ў апісанні праекта. Бальніца будзе разлічаная на 1286 ложкаў, у яе складзе мяркуецца і радзільны дом.

Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама таксама паведамляе, што ў праект ужо ўкладзена 1 311 750 еўра: сродкі затрачаныя на распрацоўку архітэктурнага праекта, выкананне архітэктурных рашэнняў 1-га этапу будаўніцтва (радзільня), а менавіта: планы паверхаў, фасады, планы даху і г.д. Эскізныя рашэнні новай гарадской клінічнай бальніцы накіраваныя ў камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, атрыманае ўзгадненне горадабудаўнічай канцэпцыі размяшчэння аб’екта для далейшага праектавання. Атрыманае станоўчае заключэнне РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» па распрацаваным абгрунтаванні інвеставання ў будаўніцтва, якім рэкамендаваны да зацверджання кошт будаўніцтва ў памеры 350 млн еўра.

Новую бальніцу плануюць пабудаваць да 2016 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула