БЕЛ Ł РУС

«Вы ведаеце, у якой псіхалагічнай сітуацыі мы рыхтаваліся» — Яфімаў падсыпаў допінг Астапчук у каву

12.09.2012 / 10:43

Nashaniva.com

«Я спадзяваўся, што забаронены прэпарат паспее пакінуць арганізм Астапчук яшчэ да прылёту ў Лондан».

Астапчук віншуе Яфімава адразу пасля заваявання золата, Лондан, 6 жніўня 2012.

Трэнер Надзеі Астапчук Аляксандр Яфімаў у падрабязнасцях распавёў пра тое, якім чынам яму прыйшлося дадаць у ежу спартсменцы забаронены прэпарат і чаму вырашыў прызнацца ў гэтым.
Нагадаем, трэнера чакае 4-гадовая дыскваліфікацыя, а Астапчук — гадавая з магчымасцю скарачэння тэрміну.

— Аляксандр Мікалаевіч, справа прыняла нечаканы абарот. Вы сапраўды падсыпалі Надзеі забаронены прэпарат?

— На жаль, гэта так.

— Але гэта супраць здаровага глузду!

— Вы ведаеце, у якой псіхалагічна складанай сітуацыі мы рыхтаваліся да Алімпійскіх гульняў.
З аднаго боку, нас шантажавалі на прадмет станоўчых допінг-пробаў, хоць усе яны далі адмоўны вынік.
З іншага — ад нас чакалі медаля. І не проста медаля, а золата.
Дзяржава шмат зрабіла, каб Надзя рыхтавалася ў камфортных умовах.
У прыватнасці, у залу цяжкай атлетыкі СКА, дзе мы трэніруемся, прыязджалі міністр спорту Алег Качан і памочнік прэзідэнта Ігар Заічкоў.
Неўзабаве пасля іх візіту нам купілі накладное кола для штурхання ядра. Зразумела, мы хацелі аддзячыць за ўвагу алімпійскім медалём.

— Наколькі памятаю, на трох хатніх турнірах у чэрвені і ліпені Надзея паспяхова штурмавала свае ж нацыянальныя рэкорды, і бачных падстаў для турботаў не было.

— Вы правільна сказалі — «бачных». На самай справе Надзя гарэла як запалка, псіхалагічнае напружанне нарастала.
А тут яшчэ на яе абвясцілі сапраўднае паляванне… Псіхалагічны тонус падаў, і гэта адбілася на агульнай гатоўнасці Астапчук.
Трэніроўка, якую мы правялі 30 ліпеня ўжо пасля здачы допінг-пробы, мяне збянтэжыла і ўсхвалявала. Я стаў нервавацца, мітусіцца і вырашыў, што крыху метаналона ў гэтай сітуацыі можа выручыць.

— Адкуль у вас забаронены прэпарат?

— Мне 63 гады, узрост немалы. Ёсць праблемы са здароўем. Ведаю, што метаналон дае добры тэрапеўтычны эфект.

Вось і ўзяў трохі і падмяшаў у каву для Надзі. Зразумела, я ёй нічога не казаў, бо яна дала б мне наганяй і магла адмовіцца ад паездкі ў Лондан.

— Але вы ж ведалі, што ў Надзі абавязкова возьмуць допінг-тэст?

— Ведаў, аднак спадзяваўся, што прэпарат паспее пакінуць арганізм яшчэ да прылёту ў Лондан,
— цытуе словы Яфімава Goals.by са спасылкай на «Прессбол».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула