Сёння Крыжаўзвіжанне ў католікаў абодвух абрадаў
«Захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа».
14 верасня беларускія католікі візантыйскага і лацінскага абрадаў святкуюць Сусветнае Узвышэнне Пачэснага і Жыццядайнага Крыжа. Для
Свята Крыжаўзвіжання належыць да вельмі старажытных святаў, але, як гісторыя выяўлення святога Гасподняга Крыжа, так і гісторыя ўстанаўлення свята пакрытыя смугой розных легенд, і таму складана адрозніць гістарычную рэчаіснасць ад звычайнай легенды. Агульнапрынята лічыць, што пачатак сьяту дало асвячэнне храма Гасподняга Уваскрасення ў Ерусаліме, які пабудаваў на Галгофе рымскі імпэратар Канстанцін Вялікі. Асвячэнне мела месца 13 верасьня 335 года, а на наступны дзень адбылося ўрачыстае ўзвышэнне святога крыжовага дрэва, адшуканага раней маці імператара царыцай Аленай.
Для хрысціян святы крыж — гэта вечна жывы сімвал бясконцай Божай любові да грэшнага чалавека, сімвал Хрыстовай ахвяры і перамогі над смерцю і д’яблам, сімвал адкуплення і збаўлення. Кладучы на сабе знак святога крыжа, хрысціянін кожны раз вызнае сваю веру ў Збаўцу.
«Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой святой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа», спяваюць на святочнай літургіі вернікі візантыйскай традыцыі. У гэты дзень для ўспаміну пакутаў Збаўцы царква заахвочвае вернікаў да строгага посту.