БЕЛ Ł РУС

Пратэстанцкі епіскап Сяргей Цвор у рэзкіх выразах заступіўся за Дашкевіча

2.10.2012 / 11:11

Епіскап Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Цвор просіць дзяржаўныя органы правесці расследаванне неправавых дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 20 Мазыра ў дачыненні да зняволенага Змітра Дашкевіча.

Адпаведны зварот святар накіраваў у Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Генеральную пракуратуру і дэпартамент выканання пакаранняў МУС, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Епіскап паведамляе, што 26 верасня ў СМІ з’явілася інфармацыя аб ціску, што аказваецца на Дашкевіча з боку адміністрацыі калоніі.

Паведамлялася, у прыватнасці, што прадстаўнікі адміністрацыі зневажальна выказваліся наконт пратэстанцкіх цэркваў і евангельскай веры Дашкевіча, а таксама з іх вуснаў гучалі пагрозы згвалтавання.

«Зміцер Дашкевіч з’яўляецца членам царквы хрысціян веры евангельскай „Ян Прадвеснік“ Мінска з 2006 года.

Яго арышт і асуджэнне за нібыта ўчынены ім напад на двух мужчын выклікалі шмат пытанняў як непраўдападобнасцю такіх дзеянняў з боку верніка, так і дзіўным правядзеннем працэсу, калі пацярпелых ніхто не бачыў.
Інфармацыя аб ціску, што аказваецца ў калоніі на Дашкевіча, выклікае нашу трывогу і заклапочанасць. Асабліва дзіўна, што
начальнік калоніі Юрый Збароўскі, які называе сябе праваслаўным і па статусе закліканы адказваць за законнасць і правапарадак, дазваляе сабе зневажальнае стаўленне да евангельскіх вернікаў», — напісаў Цвор.

Ён адзначыў, што дзякуючы дзейнасці евангельскіх хрысціян «многія асуджаныя пакідаюць сваё ранейшае злачыннае жыццё і становяцца нармальнымі членамі грамадства».

«Але перш за ўсё, пагрозы і знявагі недапушчальныя ў дачыненні да любога чалавека, верніка або не, бо кожны чалавек ёсць вобразам Божым і ўсялякая знявага чалавека ў нейкай меры зневажае і Творцу.
Нядзіўна, што знявагі і пагрозы, у тым ліку і пагрозы згвалтавання, што гучаць з вуснаў прадстаўнікоў адміністрацыі калоніі, прымусілі Дашкевіча да такой крайняй формы пратэсту, як галадоўка», — адзначае Цвор.
Епіскап просіць правесці ўсебаковае расследаванне фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі мазырскай папраўчай калоніі № 20 у дачыненні да Дашкевіча і прыняць меры па недапушчэнні падобных фактаў у будучыні.
«А мы, у сваю чаргу, будзем маліцца ў памесных цэрквах, каб жыццё і здароўе Змітра Дашкевіча былі па-за небяспекай», — заключае Цвор.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула