БЕЛ Ł РУС

Капітан міліцыі і следчы з Наваполацка займаліся незаконным прыватным вышукам

29.10.2012 / 09:32

Упраўленнем следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да капітана міліцыі Наваполацкага ГАУС і следчага гарадскога аддзела, якія займаліся незаконным прыватным вышукам.

Як паведамілі ў праваахоўных органах, крымінальная справа заведзеная па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення асабістай бяспекі МУС. Паводле дадзеных аператыўных службаў, капітан міліцыі Наваполацкага ГАУС і старшы следчы Наваполацкага гарадскога аддзела СК у званні маёра аказвалі паслугі па вышуку прыватным асобам.

Калі верыць звесткам ГУУБ МУС, то падазраваныя ў красавіку 2012 года накіравалі ў СТАА «МТС» запыт аб атрыманні звестак пра званкі абанента названай сеткі, які працаваў экспедытарам у адной з кампаній і не знаходзіўся ў полі зроку праваахоўных органаў. У капітана міліцыі і маёра-следчага не было ніякіх законных падставаў патрабаваць і атрымліваць звесткі пра тэлефонныя перамовы абанента, лічаць у СК.

Больш за тое, як высветлілі падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, падазраваныя не проста запатрабавалі звесткі, якіх не мелі права патрабаваць і атрымліваць, а выконвалі заказ па прыватным вышуку мясцовай бізнэс-лэдзі.

Па факце супрацьпраўнай дзейнасці капітана і маёра УСК па Віцебскай вобласці распачатая крымінальная справа па ч.2 арт.203 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў, здзейсненае з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

У цяперашні час вядзецца расследаванне, у ходзе якога плануецца высветліць, як часта капітан міліцыі і следчы СК аказвалі паслугі па прыватным вышуку, якія менавіта гэта былі паслугі і якое яны атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула