Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінкамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта.
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я… чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым… летам
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок…»
Ускрыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок…
Усё ішлі, ішлі салдаты…
Каторы раз сыходзіў снег…
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: «Прыедзе…»
Калі ў крыўдзе мне сябры
Гразіліся бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я - усім на злосць.
Бо ў хаце быў адзін - мужчына.
Не йшоў ты…
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.
І зараз еду я здалёк,
Чакаю ўсё - зайду, а маці
Мне кажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце…»
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай..
Комментарии