Беларуская мова55

Мова наша. «Як Піліп з канапель»: хто той Піліп і што рабіў у каноплях?

Адкуль пайшоў вядомы выраз і што ж ён дакладна значыць, тлумачыць мовазнаўца Вінцук Вячорка на «Радыё Свабода».

Як Піліп з канапель:

  • Зусім нечакана, неўспадзеўкі, зьнянацку, раптоўна (выскачыць, зьявіцца)
  • Нечакана і недарэчна (выказацца, учыніць нешта)

Выраз агульнабеларускі, спадзяюся — і агульнавядомы.

Выскачыў журавель,
Як Піліп з канапель,
Напалохаў жабку,
Адтаптаў ёй лапку.

(Якуб Колас. Рак-вусач)

Салідная гісторыя гэтага сталага выразу — як ніякага іншага — поўная вэрсіяў і містыфікацыяў. Упершыню запісаны ў польскай, датуецца 1562 годам.

Cóż wżdy się z nami dzieje, iż tak nic nie dbamy,
Jako Filip w konopiach prawie ulegamy.

(Зборнік эпіґрамаў «Зьвярынец» Мікалая Рэя)

Значэньне трохі розьніцца ад звыклага нам сёньня — гэта пра засьпетага зьнянацку і таму пакорлівага чалавека.

Выраз бытуе ў вялікім рэгіёне нашай Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Яго ведаюць і ўкраінская (як Пилип з конопель), і літоўская (lygu Pilypas iš kanapių), і чэская, і славацкая (ako Filip z konopí). Наўрад ці ўсе гэтыя мовы яго пазычылі з польскай.

Пісьменьнік і філёляг Салямон Рысінскі, родам з полацкай шляхты (той самы, што першым у пісьмовым дакумэнце назваў сябе беларусам — Leuсorussus), яшчэ ў 1618 годзе зафіксаваў выраз у польскамоўнай вэрсіі свайго зборніку фразэмаў і прыказак, выдадзенага ў Любчы над Нёманам:

Wymknął go jak Philipa z konopi ‘выгнаў яго як Піліпа з канапель’.

У беларускай школьнай інтэрмэдыі «Літарат, Селянін i Самахвальскі», запісанай у пачатку XVIII ст., а ўзьніклай, відаць, яшчэ раней, Літарат кпіць зь Селяніна, які зьбіраецца весьці зь ім дыспут: маўляў, вырваўся Піліп з канапель. А Селянін яму:

…Хоць ты, Вашэць, мудрэц, не Піліп я, да Гаўрыло.

Першы патлумачыў выраз ксёндз Бэнэдыкт Хмелёўскі ў модным у той час зборніку «Новыя Атэны, альбо Акадэмія ўсялякай сцыенцыі поўная і г.д.» (Львоў, 1745): маўляў, недалёкі шляхціч Філіп за Аўгуста І быў паслом на сойме ў Петракове і праславіўся тым, што выступаў у парлямэнце не на тэму.

Пазьней высьветлілася, што Хмелёўскі ўсё выдумаў, але пісьменьнікам настолькі спадабаўся вобраз правінцыйнага недарэкі Філіпа, што яны наперабой выводзілі яго ў літаратурныя пэрсанажы.

Прычым бедны Філіп/Піліп ня мог знайсьці геаграфічнага прытулку. Аўтары з Кароны Польскай яго выпраўлялі ў Сандамірскае ваяводзтва. А беларускі вучоны і літаратар Павал Шпілеўскі ў 1852 г. патрыятычна прыпісаў Піліпа да засьценку Каноплі ў тагачасным Ігуменскім павеце. Але Канопляў на Ігуменшчыне мне знайсьці не ўдалося, быў толькі засьценак зь пяшчотнаю назваю Канапелькі Ігуменскага павету (цяпер Узьдзенскі р-н).

Практычна ў той самы час (1854) беларускі пісьменьнік Уладзіслаў Сыракомля ў польскамоўных «Фрагмэнтах пра Філіпа з Канапель, сьпісаных рытмам» лякалізуе яго радзіму на Падольлі, пад Астрогам.

Уладзіслаў Сыракомля і народны музыка

Шляхціч Філіп, няшчасны герой Сыракомлевай паэмы, меў вельмі альтруістычныя шляхотныя (міжвольны калямбур) памкненьні, а таму вечна рабіў нешта неўпапад, насуперак чаканьням навакольля. Яго сватаюць да каханай дзяўчыны — а ён ладзіць ёй заручыны з хлопцам, у якога закаханая яна. Павятовая шляхта выбірае яго на агульнадзяржаўны сойм — а ён патрабуе правоў для сялянаў. У выніку зь яго сьмяюцца і зьневажаюць нават пасьля сьмерці. Карацей, прагрэсіўны, але не зразуметы рэакцыйным асяродзьдзем Піліп з Канапель…

Урэшце дасьледнікі прыказак і фразэалягізмаў зразумелі, што ніякага наіўнага й недалёкага дэпутата Філіпа не было. Аляксандар Вярыга-Дароўскі ў 1874 годзе вылучыў «паляўнічую» вэрсію: маўляў, словам піліп (або filip) завуць зайца. Ён хаваецца у пахучых каноплях ад сабак, якія там ня могуць узяць сьлед, але са страху выскоквае. Пасьля гэтую канцэпцыю паўтаралі шматлікія філялягічныя аўтарытэты, яна паўплывала нават на правапіс выразу ў польскай мове (у ім слова filip патрабуецца пісаць з малой літары).

Але мяне насьцярожыла нязгода паміж дасьледнікамі. Беларускія навукоўцы гэты выраз лічаць пазычаным з польскае мовы і сьцьвярджаюць, што словам filip завуць зайца ці то ў польскіх гаворках, ці то польскія паляўнічыя. А польскія аўтары, наадварот, кажуць, што філіп — назва зайца то ў гаворках неакрэсьленай «Русі», то канкрэтна ў Галіцкай Русі, на Падольлі, то ў «жыхароў Палесься», то ў беларускіх дыялектах. Ніхто ня хоча лічыць сваім таго заечага піліпа-філіпа, не раўнуючы як Фэлікса Дзяржынскага! Відаць, польскія/беларускія/украінскія мовазнаўцы ня сьмелі пярэчыць старым аўтарытэтам, але кожны ў сваёй мове не маглі знайсьці такіх дыялектызмаў. Таму і аддавалі слова суседзям.

Да таго ж немагчыма, каб у беларускіх ці ўкраінскіх дыялектах быў філіп з пачатным [ф]. Беларуская, украінская і літоўская мовы ўласнага гуку [ф] ня ведалі, ён толькі ў запазычаных словах, дзе часта замяняўся на [п] або [хв]. На гэты момант у слоўніках і тэматычных артыкулах ані філіпа, ані піліпа ў ролі зайца і я не знайшоў; няма яго і ў пашпартызаваных зборах лексыкі польскага паляўнічага арго. У Беларусі з жывых істотаў дыялектную назву з коранем піліп- мае хіба што піліпéц ‘кнігаўка’ (на Браслаўшчыне).

Выраз мае сынонімы:

у 1-м значэньні ('нечакана') —

ні стуль ні сьсюль, ні з таго ні зь сяго, ні села ні пала, адкуль ні вазьміся, нібы з грому, як сьнег на галаву, (выскачыў) як жаба з куста, як казак з маку, як чорт з лазы, як сарока на вярбе, як цецярук, як варам абліты, як апараны, як з полымя.

у 2-м значэньні ('недарэчна') —

(боўтнуў) як жаба ў калодзежы, не пажаваўшы пляснуў, ляснуў як пярун у зацірку, пляснуў як пранікам па вадзе, ляпнуў як з пастала, як чорт у лужыну плюнуў. На няісных ужо Мерлінскіх хутарах на Століншчыне (саветы зрабілі там авіяпалігон) пра няўдалае выказваньне казалі ляпнуў як карова на трэску.

А з канапель, акрамя Піліпа, выскокваюць: певень, шляхціч, Раман. Певень ня надта разумная птушка, а ўжываньні словаў шляхціч і Раман у тым самым выразе падказваюць, што і Піліп тут проста чалавек — магчыма, з пэўнымі адмоўнымі характарыстыкамі. У беларускай фразэалёгіі й парэміялёгіі Піліп даволі часты пэрсанаж:

Дзядзька Піліп, ці ты да лаўкі прыліп?Піліп да чаркі прыліп.Калі Піліп уесца, то і Пятро ня выганіць.Калі шанцуе, то і Піліп танцуе.Лепей было, пане Піліпе, сядзець табе ў Ліпе, — тут ужо Цыпрыян Камуняка (sic! гэта беларускае прозьвішча!) казаў у адрас канкрэтнага Піліпа Абуховіча за здачу маскоўцам Смаленску.

Відавочна, Піліпа ўва ўсіх выразах трэба пісаць зь вялікай літары.

P. S. Калі я ўжо дакапаўся да адказу, знайшоў 30-гадовае даўніны публікацыю гомельскага навукоўца У. Коваля «Да паходжаньня фразэалягізма як Піліп з канапель» (Беларуская мова. Міжведамасны зборнік. Вып. 14. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1986). Мовазнаўца пацьвярджае, што нідзе зайца піліпам не завуць, і наагул што каноплі вырошчвалі на ўгноеных землях побач з чалавечым жытлом, дзе заяц, як правіла, ня шыўся.

Мноства імёнаў, што трапляюць у адпаведны фразэалягізм ці прыказку, набывае кантэкстуальнае значэньне толькі ў іх (параўнай Хто бесіцца, а Саўка цешыцца або Хомка сядзіць ціханька, а думае ліханька). Як ужо згадвалася, поруч зь Піліпам з канапель можа выскачыць (вырвацца) і Раман. Ва ўкраінцаў — чорт, казёл, верабей, Дзям’ян і Марцін. Ёсьць ва ўкраінскай мове і выразы Вася з Коноплянівки (пра наіўнага або абкуранага), як ведзьма ў каноплях (пра адпаведнага выгляду жанчыну).

А ключавое слова ў ідыёме як Піліп з канапель — менавіта каноплі, густы пах якіх уплываў на паводзіны чалавека, робячы іх зусім не альтруістычна-шляхотнымі.

Комментарии5

Сейчас читают

Арестован известный невролог Руслан Бадамшин. Он был на домашней химии5

Арестован известный невролог Руслан Бадамшин. Он был на домашней химии

Все новости →
Все новости

Журналист Игорь Карней о том, как получил в наследство репрессированные гены1

В Минске прошел «Женский забег»5

«Скрываешь свой ужас, потому что это скелет с кожей». Светлана Тихановская призналась, узнала ли она Сергея через пять лет4

Интересные новые увлечения выбрала себе Светлана Тихановская12

Впервые в Беларуси создали большую металлическую пролетную конструкцию3

Николай I запретил использовать названия Литва и Беларусь? Это советский миф40

«Просто им не понравилась ее картина». Стали известны подробности задержания художницы Людмилы Щемелевой2

В Минске продается микроквартира площадью 18 квадратных метров. Стартовая цена — 19 500 долларов

Гревцов купил «Экономическую газету»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арестован известный невролог Руслан Бадамшин. Он был на домашней химии5

Арестован известный невролог Руслан Бадамшин. Он был на домашней химии

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць