82-летняя жительница Молодечно: Никогда в жизни не видела, чтобы можно было ни за что бить человека

Раиса Брисюк работала главным художником Молодечненской фабрики художественных изделий. Сейчас на пенсии. Обладательница золотой и серебряной медалей ВДНХ, куратор ряда выставок. Раиса Брисюк поделилась наболевшим с «Рэгіянальнай газетай».
Раіса Брысюк. Фота Ганны Шакель
16 жніўня маладзечанцы маглі чуць яе эмацыйную прамову з трыбуны падчас акцыі пратэсту на Цэнтральнай плошчы. Убачанае ўвечары 9 жніўня, пасля выбараў, не дае Раісе Аляксееўне маўчаць.
— Кожны дзень я хаджу ў парк гуляць. Тым вечарам дайшла ажно да плошчы. Там стаяла куча ваенных, чорныя, без галоў, усё адно як груганы якія, і перад імі на каленях стаялі маладыя людзі, дзевачкі, хлопчыкі. Падыйшоў мужчына сямідзесяці год, кажа: «Пазавіце нам начальніка, мы хочам з ім пагаварыць!» Болей нічога не сказаў, а з калоны вырваліся ваенныя, і пачалі лупіць гэтага чалавека палкамі па галаве, па плячах, павалаклі ў гэтую машыну.
Я крычала, як звар’яцелая: «Адкрыйце вашы твары, я хачу вам паглядзець у вочы! Мне восемдзесят два гады! Можаце мяне забіць, але не біце гэтых дзяцей!».
Але яны стаялі нерухома. А за гэтымі груганамі яшчэ ляжалі людзі, выпрастаўшы рукі і ногі, тварам уніз. Іх таксама пачалі біць і кідаць у тыя машыны. Дзве групы было такіх, чалавек па дзесяць. Я такога ніколі ў жыцці не бачыла, каб можна было ні за што біць чалавека. Я калі стральбу па тэлевізары бачу, адразу выключаю, не магу на гэта глядзець. А тут давялося ўбачыць такое… Страшна. Я плакала, калі не стала Карпенкі, Ганчара. Мне было так шкада! Я гэтых хлопцаў ведала. Помню іх вясёлымі, харошымі, дзелавымі і надта разумнымі. Я вельмі радавалася, калі адзін з забойцаў прызнаўся, думала, цяпер раскрыюць гэтую справу, але ўсё замоўкла.

На апошніх выбарах Раіса Аляксееўна галасавала «за Святлану»:
— Я б магла падтрымліваць Лукашэнку толькі таму, што ён мой зямляк — я нарадзілася недалёка ад Горак. Але я не магу падтрымліваць няпраўду, я не магу падтрымліваць такую жорсткасць.
Сёлета пенсіянерка дэманстратыўна пайшла на выбары ў нацыянальным касцюме.
— За дваццаць шэсць гадоў першы раз галасавала, бо раней лічыла, што выбары ўсё адно несправядлівыя. Я паглядзела бюлетэнь, каб там не было кропачак, сфатаграфавала яго з абодвух бакоў, склала гармошачкай.
Пра тое, што так трэба рабіць, Раіса Аляксееўна прачытала ў інтэрнэце. Яна чытае газету «Народная воля» ад дня яе заснавання і мае там улюбёных журналістаў. А яшчэ захапляецца беларускай літаратурай, бо лічыць, што кнігі дапамагаюць лепш аналізаваць рэчаіснасць.
— Справа ў тым, што апошнім часам вельмі многа перачытала беларускіх пісьменнікаў. — кажа Раіса Аляксееўна і сціпла дастае спіс на 55 нядаўна прачытаных твораў Быкава.
На пытанне, што б яна сама зрабіла, каб усё было справядліва і сумленна, Раіса Аляксееўна адказвае:
— Ёсць разумныя галовы. Я люблю, калі гавораць вучоныя, дактары, пісьменнікі. Я не магу не верыць гэтым людзям, я бачыла іх вочы… У нас вельмі таленавітыя людзі! Яны ўсё ўмеюць! Толькі дай ім свабоду!
Комментарии