История66

Валериан Протасевич успел первым. 450 лет назад началось создание Виленского университета

Тады, у другой палове XVI стагоддзя, вырашалася, хто першым арганізуе ў Вялікім Княстве Літоўскім вышэйшую адукацыю, — каталікі ці пратэстанты. Ад гэтага залежала, у якім рэчышчы будзе далей развівацца дзяржава. Першымі паспелі каталікі — з беларусам Валерыянам Пратасевічам на чале, піша Алесь Белы.

Фундатарскі партрэт Валерыяна Пратасевіча з нагоды заснавання Віленскага калегіума ў 1570 годзе. Wikimedia Commons.

Постаць віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча застаецца ў нашай гістарыяграфіі, а асабліва ў папулярнай літаратуры, крыху ў цяні. Ён не напісаў значных літаратурных або публіцыстычных твораў, якія захавалі б сваё значэнне да сёння, не праславіўся як вялікі будаўнік або рэфарматар гаспадаркі, ці тым больш як ваяр. Але галоўная заслуга ягонага жыцця — стварэнне Віленскага ўніверсітэта — настолькі значная ў нашай інтэлектуальнай гісторыі, што ў пэўнай ступені дазваляе ставіць імя Валерыяна Пратасевіча недзе побач з імёнамі Францыска Скарыны і Льва Сапегі. 

Шляхціч з Русі Белай

Валерыян Пратасевіч нарадзіўся недзе ў прамежку 1505—1510 гадоў у невялічкім радавым маёнтку Шушкава каля мястэчка Крайск (на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна). Часам яго прозвішча можна сустрэць у форме Пратасевіч­Шушкоўскі. Паходжанне роду не да канца высветленае, яму прыпісваюць і літоўскія, і латгальскія карані. Але як бы там ні было спачатку, выглядае, што на момант нараджэння Валерыяна Пратасевічы былі ўжо русінамі. Прынамсі, як такога Валерыяна Пратасевіча ўспрымаюць у цяперашняй польскай і літоўскай гістарыяграфіі, і здаецца, што ён быў ім і для сучаснікаў.

«A Валерыян кім быў?» — «Я казаў, што шляхцічам з Русі Белай», — так у размове з каралём Жыгімонтам III Вазам у 1592 годзе назваў яго дзяржаўны дзеяч ВКЛ Геранім (Яраш) Валовіч. Але ці сам Валерыян, ці яшчэ ягоны бацька перайшлі з праваслаўя, якое вызнавалі спачатку, у каталіцкую веру.

Невядома, дзе Валерыян Пратасевіч атрымаў добрую адукацыю і ў які момант быў высвечаны ў ксяндзы. Ёсць, аднак, звесткі, што на пачатку 1530-­х па пратэкцыі жамойцкага старасты Станіслава Кезгайлы яго прынялі на службу да каралевы Боны, і хутка Пратасевіч увайшоў да яе ў давер як здольны адміністратар. У 1532—1544 гадах ён быў ужо пісарам велікакняжацкай канцылярыі і кіраваў маёнткамі Боны на тэрыторыі ВКЛ. У гэты час ён жыў галоўным чынам у Вільні, выязджаючы час ад часу на каралеўскі двор у Кракаў для справаздач. 

Вернасць інтарэсам Боны ўплывала на даволі хуткую кар’еру. У 1533­-м Пратасевіч стаў жамойцкім канонікам (членам рады пры епіскапскай кафедры, якая звалася капітулам), у 1537-­м — віленскім канонікам, каля 1544—1545 гадоў — дэканам Віленскага капітула.

А ў 1544 годзе, калі спадкаемца трона, сын Боны Жыгімонт Аўгуст пачаў кіраваць Літвой амаль самастойна, Валерыяна Пратасевіча прызначылі вялікім літоўскім пісарам і сакратаром вялікага князя. Ён адзначаўся выдатным веданнем менавіта «рускай» канцылярыі ВКЛ, корпуса яе дакументаў, разуменнем іх практычнага сэнсу і сувязі з гаспадарчым жыццём. 

У дадатак да гэтых дзяржаўных абавязкаў павялічыліся і ўласна духоўныя, бо ў 1547 годзе Валерыян Пратасевіч стаў луцкім біскупам, а праз 9 год — віленскім, гэта значыць галоўным біскупам сярод усіх, якія ўвогуле былі ў ВКЛ.

Вакол адны пратэстанты

У момант, калі Пратасевіч заняў віленскую кафедру, становішча каталіцкай рэлігіі як дзяржаўнай было пад пытаннем. Большасць парафій акурат тады перайшла пад кантроль пратэстантаў. Каталіцызм утрымліваўся толькі ў асяроддзі трох біскупскіх курый і ў некалькіх парафіях, якія знаходзіліся пад патранажам вялікага князя. Тагачасны нефармальны лідар польскіх каталікоў Станіслаў Хозій скардзіўся ў 1555 годзе, што ў Польшчу пратэстантызм прыходзіць не столькі з Захаду, колькі з Літвы. 

Мемарыяльная дошка ў памяць Валерыяна Пратасевіча ў Вялікім двары Віленскага ўніверсітэта. Wikimedia Cammons.

Папярэдні віленскі біскуп Павел Гальшанскі нічога не мог зрабіць пратэстантам, бо іх падтрымлівалі віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і большасць іншых ваяводаў і кашталянаў. Радзівілы і іншыя буйныя магнацкія роды рашуча падтрымлівалі Рэфармацыю, разлічваючы з яе дапамогай дамагчыся свайго дамінавання ў ВКЛ і заадно ўзмацнення незалежнасці Вялікага Княства ад Польшчы. 

Многія праваслаўныя таксама пераходзілі ў кальвінізм або іншыя пратэстанцкія плыні, бо бачылі ў гэтым шанец эмансіпацыі для русінаў у літоўска­каталіцкай па сваім характары дзяржаве. Але зацятыя рэлігійныя спрэчкі істотна аслаблялі ВКЛ, што неўзабаве праявіцца ў серыі ваенных няўдач у Інфлянцкай вайне і страце стратэгічна важнага Полацка.

Хоць у момант заняцця віленскай кафедры на Пратасевіча ўскладаліся вялікія спадзяванні па спыненні Рэфармацыі, ён доўгі час іх не спраўджваў. Выглядае, што ён быў даволі мяккім і гуманным чалавекам, не надта схільным да гвалту. З іншага боку, і тэхнічных магчымасцяў ужыць гвалт у дачыненні да пратэстантаў у ягоных руках не было. Рэфармацыя распаўсюджвалася праз пісанае і друкаванае слова, заваёўваючы сэрцы больш блізкай тагачаснаму чалавеку аргументацыяй. Спыніць яе мог не так гвалт, прыхільнікаў якога амаль не было і сярод саміх каталікоў, як прадуманая і таленавітая контраргументацыя. Апеляцыя ў тым ліку да эмацыйнага, пачуццёвага боку чалавечай свядомасці. І сістэматычная адукацыя, перадусім духоўных асобаў, але таксама і цывільных, у патрэбным Касцёлу духу. 

А ўніфікаванай і разгорнутай сістэмы адукацыі на той момант не было ні ў каталікоў, ні ў пратэстантаў. Нават сістэмы духоўных семінарый не існавала, як і абавязковага стандарту ведаў, патрэбных для высвячэння на святара.

Патрэбу ў цывільнай вышэйшай адукацыі задавальняў у рэгіёне Кракаўскі ўніверсітэт, але ён быў далёка і дазволіць сабе навучанне ў ім маглі толькі выхадцы з вельмі заможных сем’яў.

Справы дзяржаўныя

Тым часам з Еўропы даходзілі звесткі пра значныя поспехі езуітаў у справе адукацыі і контрпрапаганды. Першыя спробы наладзіць з імі кантакты Пратасевіч зрабіў яшчэ ў 1553 годзе на пасадзе луцкага біскупа. Тады ён звяртаўся да папскага нунцыя Джавані Франчэска Камендонэ з просьбай паспрыяць запрашэнню езуітаў у ВКЛ. Але, відаць, быў недастаткова настойлівым у гэтых просьбах, бо нічога не дабіўся. З іншага боку, магчыма, што для такога кроку тады не была падрыхтаваная глеба ў самой краіне. Хто мусіў даць запрошаным езуітам гарантыі абароны і патрэбныя рэсурсы? 

Да таго ж занятасць дзяржаўнымі справамі, якой Пратасевіча пастаянна папракаў віленскі капітул, не давала сканцэнтравацца на справах рэлігійных (і адукацыйных у тым ліку). Адным з найбольш затратных па часе абавязкаў быў удзел у падрыхтоўцы другой рэдакцыі Статута ВКЛ, што быў уведзены ў дзеянне ў 1566 годзе. Гэта, у сваю чаргу, прадугледжвала і дэталёвыя перамовы з прадстаўнікамі праваслаўнай шляхты па ўраўноўванні правоў. 

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Святых Янаў (так ён да таго часу стаў называцца, у гонар адразу Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста). Малюнак з Віленскага альбома Яна Казіміра Вільчынскага, 1850 год.

З захопам Полацка Масковіяй у 1563 годзе і пагрозай страціць усю гістарычную Русь актуальнасць гэтай працы рэзка ўзрасла. Таму Віленскі прывілей 1563 года, які зацвярджаў верацярпімасць, і Бельскі прывілей 1564 года, які істотна пашыраў палітычныя правы шараговай шляхты, у падрыхтоўцы якіх Пратасевіч браў актыўны ўдзел, фактычна выратавалі дзяржаву ад распаду. Цікава, што ў гэты момант у складзе паноў­рады (найвышэйшы калегіяльны орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ) каталікамі былі толькі ён і жамойцкі біскуп Ян Даманоўскі. Усе астатнія ваяводы і кашталяны былі пратэстантамі, прычым амаль палова з іх — нядаўнімі выхадцамі з праваслаўя. 

Вялікую ролю віленскі біскуп адыграў і ў падрыхтоўцы Люблінскай уніі 1569 года (гл. пра яе артыкул Уладзіміра Падалінскага ў № 6/2019 «Нашай гісторыі»). Хоць многія сучасныя патрыёты лічаць яе «дзяржаўнай здрадай», на той момант ёй наўрад ці была асаблівая альтэрнатыва, бо без дапамогі Польшчы адбіцца ад пагрозы з усходу не было ніякай магчымасці.

А Пратасевіч выступаў менавіта за федэратыўны лад Рэчы Паспалітай, не за паглынанне Польшчай. І ў далейшым ён не раз уздымаў голас за захаванне тых атрыбутаў літоўскай дзяржаўнасці, якія уніяй гарантаваліся. 

Таму сімвалічна, што ён прысутнічае на славутай карціне Яна Матэйкі «Люблінская унія», напісанай у 1869 годзе да 300­годдзя гэтай эпахальнай падзеі (гэтае велізарнае палатно экспануецца ў Любліне, а ў № 6/2019 «Нашай гісторыі» быў зроблены яго разбор). Праўда, на карціне шмат недакладнасцяў. Пратасевіч, хоць і шмат высілкаў прыклаў для уніі і быў яе перакананым прыхільнікам і надалей, на самім яе заключэнні не прысутнічаў праз кепскі стан здароўя.

А на карціне воляй Матэйкі ён сядзіць у фатэлі на пярэднім плане злева, у цёмна­блакітнай вопратцы, і гатовы, здаецца, ад узрушэння вось­вось падскочыць. Але гэтая недакладнасць яшчэ не самая значная: вядомы пратэстанцкі дзеяч Ян Ласкі, які Пратасевіча на карціне падтрымлівае і суцяшае, увогуле памёр за 9 гадоў да тых падзей. Магчыма, Матэйка ўключыў яго ў кампазіцыю, каб праілюстраваць славутую ягелонаўскую верацярпімасць.

Валерыян Пратасевіч (на пярэднім плане — у крэсле злева) на карціне Яна Матэйкі «Люблінская унія 1569 года». Праўда, насамрэч біскупа на падпісанні дакумента не было: ён тады хварэў. Wikimedia Commons.

Езуіты едуць

Унія была калектыўным рашэннем дзяржаўных эліт ВКЛ і Польшчы. А вось стварэнне ў Вільні езуіцкага калегіума, які вельмі хутка вырас ва ўніверсітэт, — персанальная заслуга Пратасевіча. 

Падрыхтоўка да адкрыцця навучальнай установы пачалася ў 1563 годзе, калі віленскі біскуп звязаўся з кіраўнікамі езуітаў Аўстрыйскай правінцыі, якія кіравалі членамі гэтага ордэна ў Польшчы. 

Віленскі біскуп вельмі баяўся паспяховага выканання завяшчання Мікалая Радзівіла Чорнага, згодна з якім выдзяляліся вялікія сродкі на заснаванне рэфармацкай школы ўзроўню калегіума. У нейкім сэнсе ад таго, хто створыць калегіум раней, залежала будучая рэлігійная і цывілізацыйная прыналежнасць дзяржавы. Апроч таго, канкурэнцыю складаў лютэранскі ўніверсітэт у Кёнігсбергу. Многія маладыя ліцвіны і нават русіны выязджалі туды на вучобу, пасля чаго многія з іх змянялі рэлігію або і зусім не вярталіся дадому. 

Хоць і марудна, але езуіты, якіх на той момант і ў Польшчы была ўсяго жменька, пачалі рыхтаваць кадры будучых выкладчыкаў Віленскага калегіума. У 1568 годзе абяцанне стварыць калегіум, якога чакалі перадавыя прадстаўнікі ўсіх канфесій, прагучала як каралеўскае слова ад Жыгімонта Аўгуста на гарадзенскім сойме. Праўда, кароль (гл. пра яго артыкул Андрэя Скурко ў № 2/2020 «Нашай гісторыі») не належаў да тых людзей, якія цвёрда трымаюць абяцанні і прыкладаюць вялікія высілкі ў складаных праектах. Таму ў дзяржаўным скарбе для гэтай справы грошай не знаходзілася. 

Але Пратасевіч за гады знаходжання на высокіх пасадах назапасіў істотныя асабістыя сродкі, якія яму ўсё адно не было каму пакінуць у спадчыну: каталіцкія святары сям’і закладаць не маюць права. А тут якраз надышоў момант дзейнічаць рашуча.

Біскуп купіў для будучага калегіума каменны дом у Вільні, каля касцёла Святога Яна, і запрасіў езуітаў з Бранева на поўначы Польшчы, дзе тыя з 1564 года паспелі стварыць вялікі адукацыйны асяродак. Першыя з будучых выкладчыкаў прыбылі ў сталіцу ВКЛ у верасні 1569-­га. Істотнае значэнне мела абвешчаная для іх Пратасевічам перспектыва місіянерскай працы па навяртанні ў каталіцызм Маскоўскай дзяржавы, Швецыі і Лівоніі, базай для чаго мусіла стаць Вільня. 

Пратэстанты, якія па­ранейшаму вялі рэй у сталіцы, не хацелі пускаць у яе езуітаў, і біскупу Валерыяну давялося сустракаць іх і праводзіць з узброеным канвоем. І ў далейшым ён не скупіўся ва ўкладаннях: апроч вялікага будынка для заняткаў, быў набыты і дом пад канвікт (інтэрнат) для студэнтаў. Для забеспячэння фінансавых патрэбаў навучальнай установы Пратасевіч падарыў езуітам некалькі фальваркаў і вёсак каля Ліды, Трокаў, мястэчак Майшагола і Шырвінты (на тэрыторыі сённяшняй Літвы). А яшчэ праз год, у 1571­-м, ён пераканаў Жыгімонта Аўгуста перадаць езуітам віленскі касцёл Святога Яна, лёс якога з гэтага часу стаў трывала звязаны з будучым універсітэтам.

Элегантная перамога

Першыя пробныя заняткі ў яшчэ толькі школе адбыліся ў маі 1570­-га. А 18 ліпеня 1570 года адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця езуітамі фундацыі. 25 ліпеня Валерыян Пратасевіч звярнуўся да вернікаў Віленскай дыяцэзіі і ўсяго ВКЛ з пастырскім пасланнем, у якім афіцыйна інфармаваў аб адкрыцці езуіцкай школы ў Вільні, аб’яўляў пра пачатак заняткаў і запрашаў шляхту дасылаць сваіх сыноў на навучанне. 

Ужо ў кастрычніку пачаўся першы навучальны год для трохі больш як сотні студэнтаў. Навучальная праграма базавалася на традыцыйных, яшчэ сярэднявечных, трывіуме і квадрывіуме. У 1572-­м у калегіуме было ўжо каля 200 вучняў. 

У 2018 годзе ў Бельску на Падляшшы (Польшча) па ініцыятыве мясцовай беларускай грамады паўстаў помнік Вялікаму сойму 1564 года (аўтар — народны майстар з нашага Камянца Анатоль Туркоў). У калектыўным разным партрэце ключавых асобаў гэтай важнай падзеі прысутнічае і постаць Валерыяна Пратасевіча (у высокай біскупскай тыяры). Фота Яцэка Пракапюка.

У момант адкрыцця Віленскі езуіцкі калегіум быў усяго толькі трэцім ва ўсёй Рэчы Паспалітай (пасля Бранева і Пултуска). А да сярэдзіны XVIII стагоддзя ў адной толькі сучаснай Беларусі іх было ўжо 16 (і яшчэ з паўтузіна піярскіх). Усе яны выраслі з віленскіх каранёў. 

Атрымаўшы такую базу для Контррэфармацыі, Пратасевіч пайшоў у рашучае наступленне на пратэстантаў. У 1570-­я ён пераканаў перайсці назад у каталіцызм большасць магнатаў з роду Радзівілаў, а сына Мікалая Радзівіла Чорнага Юрыя ў 1574 годзе ўзяў сабе намеснікам — пасля смерці Пратасевіча ён зойме ягоную пасаду. 

У 1577 годзе біскуп заблакаваў спробу арганізацыі ў Вільні пратэстанцкай сярэдняй школы. 

Новы кароль Стэфан Баторый, сам гадаванец езуітаў, быў у значна большай ступені на баку Пратасевіча, чым Жыгімонт Аўгуст. 7 ліпеня 1578 года выйшаў каралеўскі прывілей на пераўтварэнне калегіума ў акадэмію з правамі ўніверсітэта. Прывілей зраўняў новазаснаваную акадэмію з Кракаўскім універсітэтам у праве прысваення вучоных ступеняў у галінах філасофіі, тэалогіі і свабодных навук. А вось ступені ў галінах медыцыны і права усё ж такі зарэзервавалі за Кракавам. З цягам часу, праўда, гэтыя абмежаванні таксама будуць пераадоленыя, і перад падзеламі Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт Віленскай вышэйшай школы будзе лічыцца найлепшым ва ўсёй канфедэрацыі. 

Прывілей Баторыя быў афіцыйна пацверджаны папам Грыгорыем ХІІІ у кастрычніку 1579 года. Новая вышэйшая навучальная ўстанова атрымала назву «Акадэмія і ўніверсітэт Віленскі Таварыства Езуса» (Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu — на лаціне). Актам ад 25 жніўня 1578 года Валерыян Пратасевіч пацвердзіў усе свае папярэднія фундушы Віленскай акадэміі, далучыўшы да іх новыя. Заснаваў бурсу для пражывання бедных студэнтаў, названую ў ягоны гонар «Валерыянаўскай». А перад смерцю ён завяшчаў універсітэту сваю багатую бібліятэку і 2 500 злотых на патрэбы кафедральнага храма. Памёр Пратасевіч 31 снежня 1579 года — усяго праз некалькі месяцаў пасля пачатку першага навучальнага года ва ўніверсітэце. 

Значэнне Віленскага ўніверсітэта ў гісторыі Літвы і Беларусі цяжка пераацаніць. На працягу многіх стагоддзяў ён быў галоўным агменем нашай гуманітарнай культуры і прававой традыцыі, кузняй дзяржаўных кадраў. Нават пасля далучэння да Расійскай імперыі ён зазнаў кароткі перыяд росквіту (1815—1830), даўшы пачатак рамантызму ў польскай літаратуры, выхаваўшы сотні славутых выпускнікоў, вядомых ці не на ўсіх кантынентах.

Нават пасля варварскага скасавання Мікалаем І памяць пра ўніверсітэт і ягоныя традыцыі працягвала жыць і натхняць усё новыя пакаленні патрыётаў як Рэчы Паспалітай, так з пэўнага моманту і Літвы, і Беларусі. Яго паспелі скончыць, напрыклад, вучоны­славіст Міхал Баброўскі (гл. пра яго падрабязней у артыкуле Паўла Церашковіча «Падляшане, якія абудзілі беларусаў» у № 3/2018 «Нашай гісторыі»), паэт і фалькларыст Ян Чачот, многія іншыя прадстаўнікі першай хвалі беларускага адраджэння ХІХ стагоддзя. 

У асяроддзі выкладчыкаў і выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта пачатку ХІХ стагоддзя з’явіўся і сам тэрмін «Беларусь» у цяперашняй форме. Аднак ці шмат людзей у Беларусі, перадусім у сістэме адукацыі, усведамляюць каласальную ролю гэтай установы ў гісторыі нашай краіны? Мне падаецца, што не. Вось таму і постаць Валерыяна Пратасевіча, у адрозненне ад суседніх літоўцаў, дагэтуль не прыцягвала вялікай увагі беларусаў.

Комментарии6

Сейчас читают

Трагедия на Гомельщине: два 18‑летних парня погибли в ДТП, автомобиль разорвало на части3

Трагедия на Гомельщине: два 18‑летних парня погибли в ДТП, автомобиль разорвало на части

Все новости →
Все новости

Дочка судьи, которая сгорела заживо в суде в Слуцке в 1967-м, рассказала, как сложилась жизнь их семьи после громкой трагедии19

Какой район Беларуси самый бедный? Народ спорит9

От бывшего политзаключенного Игоря Карнея требуют погасить задолженность за пребывание на Валадарке3

В Минске купили квартиру за полмиллиона долларов

МИД о пропавшей в Мьянме Вере Кравцовой: Документы о смерти подделаны3

На Комаровке рухнули цены на хурму и ананасы: что выгодно закупать1

Новый «Франкенштейн» культового Гильермо дель Торо — пожалуй, самый красивый фильм года4

Сборная Беларуси больше суток добиралась из Минска до Копенгагена5

Под Островцом убрали памятник повстанцам 1863 года, установленный жителями района24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедия на Гомельщине: два 18‑летних парня погибли в ДТП, автомобиль разорвало на части3

Трагедия на Гомельщине: два 18‑летних парня погибли в ДТП, автомобиль разорвало на части

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць