Стась Карпов опубликовал на своей странице в фейсбуке новое стихотворение.

Я думаў, Пітэр, у нас няма таямніц,
Дык што ж ты лісты свае пішаш употай, нібыта злачынец,
Туды, дзе ўсё адбылося і нічога не адмяніць,
І дзе ніводныя дзверы ніводны твой ключ не адчыніць.
Адкуль уцякалі спужаныя дзеці, забыўшы свае мурагі
Старых пакідаючы ў рамах аконных, нібыта ў партрэтах.
Краіна забытых бацькоў. Там нікога няма, дарагі.
Усе ў Нэвэрлэндзе — спытай у любога ў сустрэтых.
Гэты Нэверлэнд, Пітэр, быццам бы жыццё ў Плазе:
Хочаш — набівай пуза, хочаш — працягні ногі,
Хочаш— галышом бегай, хочаш — у пятлю лазі.
Хай ты тут адзін, Пітэр, але ты адзін з многіх.
Эх, наш Нэвэрлэнд, Нэвэрлэнд, развясёлае кабарэ…
На твой капыл усе носяць шапкі з пер’ем нібы апачы.
А ты ўсё: «мама, мама, ну што там у вас на дварэ?»
Ну што там у іх? Туман і холад сабачы
Ну што там у іх. Там гудуць цягнікі ў чыгуннай раллі.
І калоцяцца дрэвы, каб стрэсці і гнёзды, і лісце, і наледзь.
Вечарэе ў Пляскатай як блін. Орша сочыць, калі
Ёй у Брэсце ліхтаршчык чарговую лямпу запаліць.
Там жа восень задумана так, каб у вечары выйсці на дах
І глядзець як усё стогне і тоне ў гэтым рудым акіяне.
Як стамлёныя дзеці смяюцца. Як лісце згарае ў садах
Як сыходзіць усё без пакутаў і без пакаяння.
А ты ведаеш, там па-ранейшаму смецце мятуць на дзяды,
У гэтых дымных садах. І, паслухай, нібыта малітва такая:
Хай да Рыма прыводзяць шляхі. А сцяжынкі — туды,
Дзе запальваюць свечкі і хтосьці кагосьці чакае.
Я перапішу, Пітэр, усе твае лісты маме.
Быццам кожны дзень — споведзь, ну а ўсё жыццё — нарыс.
Што, нібыта, ты з імі, а старэеш ты з намі.
Што табе было добра.
І крыху лягчэй зараз.
Комментарии
Ужо адгаласілі, ўсё адгалошана да нас. Папярэднія пакаленні адплакалі і сваё, і нашае.
Ад папярэднікаў на нас ўжо бракуе шчырых слёз.
Вось да прыкладу Максім Танк:
На шумнай цыркавой арэне
Амаль забыўся мядзведзь палярны
Пра ззяне айсбергаў і марэнаў,
Пра акіяна кліч уладарны.
Але марожаным неасцярожна
Пачаставаў нехта небараку.
Успомніў тады ён свой край марозны
І як па матцы малы заплакаў.
Цытаваць ня буду, але раю ўдумліва прачытаць. Замест таго ксб аплакваць сябе "палю я рэшту дзён мізэрных".
Дык цяпер ці маем права галасіць?